BE RU EN

Праўда, што расіяне плацяць у беларускіх санаторыях столькі ж, колькі і беларусы?

  • 2.08.2026, 9:05

«Навіна» прапагандыстаў выклікала хвалю абурэння.

Дзяржаўныя СМІ паведамілі, што ў беларускіх санаторыях ураўнялі цэны для грамадзян Беларусі і Расіі. Адзначалася, што гэта зроблена «ў межах рэалізацыі адзінай сацыяльнай палітыкі «Саюзнай дзяржавы».

Паводле дадзеных праўладных выданняў, цяпер цэны на пуцёўкі, лячэбныя працэдуры і пражыванне аднолькавыя для беларусаў і расіян, піша «Салідарнасць».

Гэтая навіна выклікала абурэнне беларусаў у сацсетках. У каментарах у Трэдсе людзі пішуць, што яны плацяць падаткі ў бюджэт сваёй краіны.

«Цэнік у санаторыі і так быў не надта гуманным, а цяпер стаў яшчэ «больш гуманным». Усё толькі для грамадзян РФ. А сваім — хрэн на пасным алеі за <�…> грошай.

«А якія плюшкі для грамадзян РБ ёсць у санаторыях РФ?»

«Усё для расіян».

«То-бок унутраны цэнік падцягнулі да гасцявога?»

І так было не патрапіць з-за таго, што ўсё расіянамі было раскуплена, а цяпер можна наогул забыць. Дзякуй. Проста велізарны дзякуй, што дапамагаеце максімальна не клапаціцца пра здароўе беларусаў.

«Пакуль у Беларусі ўраўноўваюць цэны ў санаторыях з замежнымі грамадзянамі, у Польшчы санаторыі бясплатныя для ўсіх дзяржаўна застрахаваных».

«Не кожны беларус мог сабе дазволіць санаторый у сябе ў краіне, а цяпер нават і думаць пра гэта няма чаго. Затое бязвіз у Інданезію зрабілі, ляці, беларус, адпачывай і радуйся...».

Намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Аляксандр Цай у эфіры АНТ заявіў, што кожны санаторый фарміруе сваю цэнавую палітыку.

— Пры ўраўноўванні цэн зусім не абавязкова павышаць тарыфы для беларусаў да расійскага ўзроўню, — патлумачыў ён.

Паводле яго слоў, для грамадзян Беларусі прадугледжваюць дадатковыя зніжкі, каб забяспечыць і захаваць даступнасць.

Журналісты параўналі цэны для грамадзян Расіі і Беларусі, зазірнуўшы на сайты трох папулярных санаторыяў. Зніжак для грамадзян Беларусі не знайшлі, але высветлілася, што цэны для расіян вышэйшыя, чым для беларусаў.

Напрыклад, для грамадзяніна Беларусі суткі ў аднаместным нумары па пуцёўцы з лячэннем у санаторыі «Прыазёрны» на Нарачы абыдуцца ў 396 BYN (перыяд з 24 жніўня па 8 лістапада). Для грамадзяніна РФ – 11700 расійскіх рублёў – што ў пераліку на беларускія рублі складзе 431 BYN.

У санаторыі «Азёрны» ў Гродзенскай вобласці аднаместны аднапакаёвы нумар – 280 BYN у суткі для беларуса (з датай заезду да 30 верасня), а для расіяніна – 8350 расійскіх рублёў (307 BYN).

Аднапакаёвы аднаместны нумар у санаторыі «Юнацтва» на беразе Мінскага мора 437 BYN у суткі для беларусаў (у перыяд да 31 жніўня), 13000 расійскіх рублёў (479 BYN) – для расіян.

Розніца здаецца невялікай, але калі палічыць пуцёўку ў санаторый на 10–14 дзён, то разбежка ў цэнах адчувальная.

Выходзіць, што дэклараваная аднолькавая цана для беларусаў і расіян у нашых санаторыях – гэта хутчэй рэкламны трук, разлічаны на прыцягненне расійскіх турыстаў.

Апошнія навіны