BE RU EN

Урад і апазіцыя Венесуэлы ўпершыню правядуць прамыя перамовы

  • 2.08.2026, 10:53

Бакі абмяркуюць дапамогу пацярпелым ад землятрусу і дэмакратызацыю краіны.

Урад Венесуэлы правядзе першыя вочныя перамовы з апазіцыяй у Каракасе на наступным тыдні, каб абмеркаваць дапамогу пацярпелым ад нядаўняга землятрусу і дэмакратызацыю краіны.

Пра гэта ў суботу, 1 жніўня, паведаміў старшыня Нацыянальнай асамблеі і галоўны перамоўшчык ад урада Венесуэлы Хорхе Радрыгес, перадае «Нямецкая хваля».

Па яго словах, на перамовах апазіцыю прадставіць Дзінора Фігера, якая раней займала пасаду Радрыгеса. У 2018 годзе палітык вымушана пакінула Венесуэлу, баючыся пераследу. Фігера ўзначальвае правацэнтрысцкі апазіцыйны блок, які ў 2015 годзе выйграў парламенцкія выбары і быў прызнаны Вашынгтонам, але не былым венесуэльскім кіраўніком Нікаласам Мадурам.

Лаўрэатку Нобелеўскай прэміі міру Мачада не запрасілі на перамовы

Як піша агенцтва AFP, перамовы паміж урадам у Каракасе, які пасля захопу Злучанымі Штатамі Нікаласа Мадуры часова ўзначаліла Дэльсі Радрыгес, і апазіцыяй падтрымліваюць у Вашынгтоне. Чакаецца, што ўдзельнікі сустрэчы абмяркуюць аднаўленне дэмакратычных інстытутаў і ўмацаванне выбарчай сістэмы, а таксама графік правядзення новых выбараў.

Апошнія выбары ў Венесуэле адбыліся ў 2024 годзе. Улады краіны абвясцілі, што перамогу атрымаў тагачасны кіраўнік дзяржавы Мадура. Апазіцыя адмовілася прызнаваць вынікі галасавання і заявіла, што большасць галасоў набраў яе кандыдат - Эдмунда Гансалес Урруція.

Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру і прадстаўніца апазіцыі Марыя Карына Мачада, якую лічаць саюзніцай Гансалеса і якая цяпер жыве ў выгнанні, таксама паабяцала вярнуцца на радзіму. Аднак на перамовы яе не запрасілі.

Апошнія навіны