BE RU EN

Літва набудзе тэхналогіі для выяўлення тунэляў нелегальных мігрантаў з боку Беларусі

  • 2.08.2026, 11:23

Ужо прайшлі паспяховыя выпрабаванні.

Літва набудзе тэхналогіі, якія дапамогуць памежнікам больш эфектыўна выяўляць тунэлі, што пракладваюцца для нелегальнай міграцыі ў краіну.

Пра гэта паведаміў міністр унутраных спраў Літвы Марцінас Кателінас, якога цытуе LRT.

Кателінас распавёў пра паспяховае выпрабаванне тэхналогіі выяўлення тунэляў, набытай у палякаў.

«На мінулым тыдні мы выпрабавалі пазычаную ў палякаў тэхналогію, якая дазваляе фіксаваць спробы пракапання тунэляў – яна працуе, яна выявіла той адзіны тунэль, пра які было абвешчана, таму мы набудзем гэтую тэхналогію, і памежнікі дакладна змогуць ёю карыстацца», – паведаміў міністр.

Ён адзначыў, што апошнім часам было выяўлена «не адзін дзясятак спроб» пракапаць тунэлі праз мяжу. Паводле яго слоў, усе тунэлі былі знішчаныя.

«Так, гэтая праблема існуе, бо спачатку, калі агароджы яшчэ не было (нелегальныя мігранты – рэд.), спрабавалі прайсці наўпрост, потым з’явілася агароджа – спрабавалі пералезці праз яе, затым з’явіліся іншыя меры, ну, а цяпер ужо спрабуюць пранікнуць знізу. На кожнае абмежаванне спрабуюць знайсці абыход», – патлумачыў чыноўнік.

На гэтым тыдні Дзяржаўная служба аховы мяжы Літвы (VSAT) паведаміла, што ў Лаздыйскім раёне, паблізу вёскі Пертако, з дапамогай аналізу ваганняў паверхні зямлі быў выяўлены недакапаны падземны тунэль. Пасля правядзення неабходных працэдур яго засыпалі.

У канцы ліпеня яшчэ адна група нелегальных мігрантаў была затрыманая на поўдні краіны пасля таго, як праваахоўнікі выявілі недакапаны тунэль.

Камандуючы VSAT Рустамас Любаеў заявіў, што апошнім часам фіксуецца нямала такіх тунэляў, але выпадкі, калі мігрантам удаецца незаўважна трапіць у Літву, з’яўляюцца адзінкавымі.

Апошнія навіны