Вучоныя назвалі актыўнасць, якая замяняе сон
- 29.08.2026, 8:55
Дастаткова 20 хвілін у дзень.
Вучоныя высветлілі, што ўсяго 20 хвілін інтэнсіўнай велатрэніроўкі паляпшаюць памяць у недаспаных людзей амаль гэтак жа, як 90-хвілінны дзённы сон, — хоць гэтыя спосабы дзейнічаюць па-рознаму. Праца апублікавана у часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences.
У эксперыменце ўдзельнічалі 54 здаровыя маладыя людзі, якім не дазвалялі спаць 30 гадзін запар. Адны ў гэты час 20 хвілін круцілі педалі ў умерана-інтэнсіўным тэмпе, другія адпачывалі, а трэція спалі ўдзень. Памяць правяралі праз тры дні пасля інтэрвенцыі.
Высветлілася, што трэніроўка палепшыла распазнаванне запомненага матэрыялу на 21% у параўнанні з кантрольнай групай, а дзённы сон — на 23%. То-бок паводле эфекту кароткая нагрузка амаль не саступіла поўнавартаснаму сну.
Але шляхі да выніку аказаліся рознымі. У тых, хто спаў, электраэнцэфаляграфія паказала зніжэнне прыкмет «стомленасці» мозгу, тады як у тых, хто займаўся спортам, гэтыя сігналы заставаліся высокімі. Гэта значыць, што практыкаванні паляпшаюць памяць не за кошт адпачынку мозгу, а праз нейкі іншы механізм.
Паводле аўтараў, перавага фізічнай нагрузкі — у яе даступнасці: пакруціць педалі або хутка прайсціся можна там, дзе задрамаць немагчыма, — напрыклад, пазменным работнікам або лекарам. «Практыкаванні даступныя, недарагія і простыя ва ўкараненні», — адзначыла першая аўтарка працы Мадхура Лотлікар. Падобныя вынікі годам раней атрымалі і брытанскія вучоныя: 20 хвілін умеранай веланагрузкі паляпшалі разумовую працаздольнасць у недаспаных людзей.
Пры гэтым вучоныя падкрэсліваюць, што і сон, і практыкаванні — толькі часовая падтрымка, а не замена поўнавартаснаму начному адпачынку, дэфіцыт якога адчуваюць ад 20 да 40% дарослых у свеце і які абыходзіцца буйным эканомікам прыкладна ў 680 млрд долараў у год з-за падзення прадукцыйнасці.