Як падлетак з Мінска вырашыў рызыкнуць — і пакарыў Алісу Селязнёвую
- 7.08.2026, 11:15
Пра яе марылі ўсе савецкія хлапчукі, але толькі адзін беларус павёў сябе рашуча.
Вясна 1985 года дарослым беларусам магла запомніцца прыходам да ўлады Міхаіла Гарбачова: распачатыя ім рэформы моцна змянілі сітуацыю ў СССР і ў выніку дапамаглі нашай краіне стаць незалежнай. Ну а дзецям яна дакладна запомнілася прэм'ерай культавага фільма «Госця з будучыні». Наталля Гусева, якая сыграла ў ім галоўную ролю Алісы Селязнёвай, зачаравала ўсіх савецкіх падлеткаў. Адзін з іх, з Мінска, цвёрда вырашыў стаць яе мужам — і пайшоў на рызыку. Сёння яго дзеянні ў дачыненні да дзяўчыны назвалі б непрымальнымі, парушэннем асабістых межаў, сталкінгам, але тады такое лічылі рамантычным, і хлопцу ўдалося дамагчыся свайго, піша «Зеркало».
Як «Госця з будучыні» стала легендай
Сённяшнім дзецям феномен «Госці з будучыні» не зразумець. Ніякіх спецэфектаў там не было, фільм зняты проста і нават нядбайна: дзеянне адбывалася ў канцы XXI стагоддзя, але ў вулічныя кадры раз-пораз патраплялі рэальныя аўто 80-х. Аднак сярод савецкіх гледачоў, не распешчаных фантастыкай для дзяцей і падлеткаў, пяцісерыйная стужка мела неверагодны поспех.
Паставіў яе рэжысёр Павел Арсёнаў паводле аповесці папулярнага пісьменніка-фантаста Кіра Булычава «Сто гадоў таму наперад». У творы распавядалася, як школьнік Коля Герасімаў трапляе ў будучыню і сутыкаецца з двума касмічнымі піратамі. Тыя палююць за міелафонам — апаратам для чытання думак. Коля ратуе міелафон і вяртаецца ў мінулае, у свой 1984 год, а за ім спяшаюцца піраты і дзяўчынка Аліса Селязнёва, у якой і быў скрадзены міелафон.
«Вельмі важна было, каб «дзяўчынка з будучыні», апранутая ў звычайную школьную форму, неяк адрознівалася ад сённяшніх школьніц. Памятаеце, як хлопцы кажуць у фільме пра яе? «Глядзіць жа як! Не па-нашаму». Такім незвычайным і было выражэнне вачэй вучаніцы 5-га класа адной з маскоўскіх школ Наташы Гусевай», — распавядаў Арсёнаў пра выбар выканаўцы на галоўную ролю.
Харызма Гусевай, удалая гульня іншых папулярных акцёраў (ролі піратаў сыгралі такія зоркі тых гадоў, як Вячаслаў Нявінны і Міхаіл Канонаў), закручаны сюжэт, песня Яўгена Крылатава «Прыгожае далёка» на словы Юрыя Энціна, што прагучала ў фінале і стала хітом, — усё гэта зрабіла фільм культовым.
Стужка адразу выклікала фурор, і, як узгадваў Арсёнаў, пасля выхаду здымачная група атрымала каля 100 тысяч лістоў ад гледачоў. Кір Булычаў прыводзіў тыповы прыклад: «Я вучуся ў шостым класе, я люблю вашу творчасць… Мне патрэбны тэлефон Наташы Гусевай. Калі вы не верыце ў сур'ёзнасць маіх намераў, я магу жаніцца».
Для большасці гэта было толькі лятанне ў аблоках. Але адзін падлетак, беларус Дзяніс Мурашкевіч, заявіў сябрам: маўляў, я з ёй ажэнюся, — і вырашыў дзейнічаць. Праўда, Наталля жыла ў Маскве, а ён — у Мінску. Справе дапамог выпадак, якога Дзяніс чакаў два гады, а таксама вынаходлівасць і сметлівасць юнака.
Прывід са скрыні
Гусева тады яшчэ здымалася і менавіта дзеля гэтага прыехала ў Мінск. У 1987-м на экраны выйшаў фільм «Ліловы шар» — працяг «Госці», зноў экранізацыя Булычава, дзе Наталля зноў іграла Алісу. Але паўтарыць поспех не атрымалася. У тым жа годзе на кінастудыі «Беларусьфільм» пачалі здымаць фільм «Воля сусвету» — на галоўную ролю запрасілі Гусеву. Тады ёй было 15 гадоў, і на здымкі яна прыехала з бабуляй, спыніўшыся ў гасцініцы «Мінск», што на сённяшняй плошчы Незалежнасці.
Неверагоднай папулярнасці юная дзяўчына зусім не радавалася. Наташы даводзілася хадзіць па вуліцах, нізка апусціўшы галаву, каб у ёй не пазналі Алісу Селязнёву, — з-за гэтага сапсавалася пастава. За месяц школьніцы прыходзіла па 6–8 тысяч лістоў. Калі стала вядома, што Наташа захапляецца насякомымі, ёй масава пачалі прысылаць засушаных жукоў і павучкоў.
Пра прыезд аб’екта сваіх мараў у Мінск Дзяніс Мурашкевіч — яму тады было каля 17 гадоў, ён вучыўся ў медвучылішчы — даведаўся з нататкі ў газеце. Ён патэлефанаваў на кінастудыю — і там яму нечакана выклалі, дзе і з кім пражывае актрыса. Тады ў хлопца нарадзіўся хітры план: схавацца ў скрыні з-пад тэлевізара (тады яны былі вельмі вялікія), якую яго сябры, надзеўшы спецоўкі, пад выглядам пасылкі даставяць у гасцінічны нумар Наталлі. Далей — дзейнічаць па сітуацыі.
Раніцай у дзень Ікс Дзяніс вымаліў у ГУМе патрэбную скрыню і залез у яе разам з кветкамі. Сябры прыцягнулі яе на Галоўпаштамт і зімітавалі афармленне, як у пасылкі, з надпісам, што гэта падарунак актрысе ад прыхільнікаў.
«Скрыня з-пад тэлевізара «Гарызонт» была загадзя ўзмоцненая ўнутры кавалкам тоўстай фанеры. �…> Прыбыўшы ў гасцініцу, мы спакойна (вось яна, сіла спецовак) пранеслі скрыню міма аховы проста на рэсэпшн. Там я ўдакладніў, у якім нумары пражывае Наталля Гусева, і папрасіў нумар тэлефона пакоя. Атрымаўшы нумар, я пачуў «Алё», вымаўленае да болю знаёмым па фільме голасам. Будзённа паведаміў «паддоследнай», што яе турбуюць з Галоўпаштамта, на яе імя атрымана пасылка, якую цяпер і даставяць у гасцініцу. Упэўнены стук у дзверы. Мы пранеслі велізарную скрыню міма ашалелай Гусевай, і я дастаў з кішэні надрукаваную на друкарскай машынцы ведамасць: «Распішыцеся тут!» Наталля без пярэчанняў распісалася. Мы сышлі», — распавядаў мінчанін Дзмітрый Нестюк, сябар Мурашкевіча.
Наступныя падзеі ён даведаўся са слоў Дзяніса. Пасля сыходу хлопцаў Наташа хадзіла па нумары, разважаючы ўголас, што можа быць у пасылцы, і вырашыла не адкрываць яе самастойна, а дачакацца бабулю з сняданку. Гэта не ўваходзіла ў планы Дзяніса. Той вырашыў, што нельга губляць часу і трэба вылазіць проста зараз. Хітры падлетак сядзеў у скрыні ў адных сподніх з разліку, што так яго адразу не выганяць з нумара на холад (справа была восенню). Сябры толькі накрылі яго прасцінай. Таму «паўстаўшы» са скрыні хлопец ростам метр дзевяноста, у прасціне і з кветкамі ў руках, нагадваў прывід.
«Адкінуўшы прасціну, Дзяніс зразумеў, што эфект крыху выйшаў з-пад кантролю, бо вочы Наталлі Гусевай, і без таго немаленькія, нагадвалі вочы лемура. Ды і дыханне было падазрона пачашчаным, што Дзяніс, як будучы фельчар, адразу ацаніў і зразумеў, што пара выводзіць дзяўчыну са ступару — непрытомнасць зусім не ўваходзіла ў яго план. Праўда, перад гэтым ён паспеў «выдраць» у пацыенткі, якая згубіла ўсякую волю, яе поўны хатні адрас і тэлефон!» — распавядаў Нестюк.
Калі Дзяніс прыводзіў Наталлю да прытомнасці, вярнулася бабуля. Раздзетага юнага нахабніка сапраўды не выгналі, а накармілі пернікамі і напаілі гарбатай. Падчас размовы Дзяніс, які аказаўся чалавекам з пачуццём гумару, зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку. Так усё і закруцілася.
Вяселле, развод і новы шлюб
Пасля знаёмства юнак і дзяўчына пачалі сустракацца, але часта сварыліся. Перад тым як Мурашкевіча забралі ў войска, яны разышліся. У 1989-м Гусева паступіла ў Маскоўскі інстытут тонкай хімічнай тэхналогіі на аддзяленне «біятэхналогія». Ёй прапаноўвалі працягваць здымацца ў кіно, напрыклад, сыграць галоўную ролю ў фільме «Авария — дачка мента». Аднак паводле сцэнарыя гераіню гвалцілі, і сам сюжэт пра супрацьстаянне міліцыянера і нефармалаў быў даволі жорсткі. Наталля адмовілася, палічыўшы, што такой роляй разбурыць вобраз Алісы Селязнёвай. Ды і кар'ера ў кіно яе не вабіла — дзяўчына хацела жыць спакойным жыццём і займацца навукай.
Вярнуўшыся з войска, Дзяніс паспрабаваў пачаць усё спачатку. Аднак маці Гусевай, якая была супраць іх адносін, схлусіла яму, што дачка даўно выйшла замуж. Тым не менш неўзабаве ў адной з газет напісалі, што Наталля ўсё яшчэ вольная, і Дзяніс аднавіў заліцаванні. У 1993-м пара ажанілася. Праз тры гады ў іх нарадзілася дачка. Муж угаворваў назваць яе Алісай, але Наталля згадзілася толькі на кампраміс, і дзяўчынка стала Алесяй.
Скончыўшы ВНУ, Гусева працавала мікрабіёлагам у маскоўскай клініцы, затым заняла кіраўнічую пасаду ў кампаніі, якая распрацоўвае і вырабляе тэст-сістэмы для дыягностыкі інфекцыйных захворванняў.
На жаль, доўгай казкі ў пары не атрымалася. У 2001-м муж і жонка развяліся. Наталля, як непублічная асоба, ніколі не распавядала пра прычыны. Застаецца верыць словам Дзяніса — тым больш што ён узяў усю віну на сябе:
«Я быў вялікім свінам. Вельмі мала сям'і, жонцы надаваў увагі. Я быў вельмі дрэнным мужам. Я гэта ўсведамляю і разумею. Развод адбыўся па маёй віне на сто працэнтаў. Яна тут не вінаватая. Яна са мной намучылася… Найбольшая мая памылка ў жыцці — што я мучыў дзяўчыну і мне не хапіла розуму гэта зразумець. Вельмі шкадаваў і цяпер шкадую, што мы разышліся. Наталля была цудоўнай жонкай. У яе ёсць усе найлепшыя якасці, якія рэдка сустрэнуцца ў нашым жыцці. Яна вельмі добры сябар. Можа дапамагчы і разумнай парадай. І ўсё ў яе спакойна, без істэрык. Дзівосны чалавек. А я давёў яе да краю… �…> Шукаў уражанняў. Увогуле ў мяне ўся жыццё — анекдот», — распавядаў Мурашкевіч.
Пасля разводу Дзяніс пайшоў у расійскае войска і ўдзельнічаў у агрэсіі супраць Чачні, якая змагалася за сваю незалежнасць. Ажаніўся другі раз (у шлюбе нарадзіўся сын), затым ізноў развёўся. Працаваў кіраўніком маскоўскага філіяла ў найстарэйшай у Беларусі прыватнай тэлекампаніі «Свой круг».
Наталля ж пасля разводу цалкам пагрузілася ў працу. У 2009-м яна ненадоўга вярнулася ў кіно, агучыўшы адну з роляў у мультфільме «Дзень нараджэння Алісы».
Пазней у кампаніі агульных сяброў Наталля пазнаёмілася з дызайнерам Сяргеем Амбіндэрам, сынам кіраўніка дабрачыннага фонду «Русфонд» Льва Амбіндэра і арт-дырэктарам гэтага фонду. Ён, як і Мурашкевіч, у дзяцінстве любіў глядзець «Госцю з будучыні». Яны з Наталляй пачалі жыць разам. У лютым 2013-га яна нарадзіла дачку Соф’ю. У тым жа годзе пара аформіла адносіны, экс-актрыса звольнілася з працы і прысвяціла сябе сям’і.
Вясной 2025 года ў 53-гадовай Гусевай выявілі анколагічнае захворванне — да гэтага яна некалькі гадоў скардзілася на пагаршэнне здароўя. Яна перанесла некалькі аперацый. З таго часу навінаў пра стан яе здароўя не з’яўлялася.