BE RU EN

ЗША ўпершыню за 40 гадоў не закупілі саудаўскую нафту

  • 7.08.2026, 11:52

Звыклыя плыні нафты з Персідскага заліва заблакаваў Іран.

Імпарт нафты з Саудаўскай Аравіі ў ЗША ў ліпені знізіўся да нуля — як адзначае Bloomberg, гэта першы выпадак з 1985 года, калі пастаўкі з каралеўства спыняліся на такі тэрмін.

Тады Саудаўская Аравія рэзка павялічыла здабычу і экспарт з-за таго, што іншыя краіны АПЕК таемна парушалі квоты, а Эр-Рыяд страчваў прыбытак, добраахвотна скарачаючы здабычу. Гэта прывяло да абвалу сусветных цэн на вуглевадароды, з $30 да менш як $10 за барэль.

Цяперашняе рэзкае падзенне аб'ёмаў — вынік канфлікту паміж ЗША і Іранам, які фактычна заблакаваў звыклыя плыні нафты з Персідскага заліва. Закрыццё Армузскага праліву і іншыя ваенныя рызыкі прывялі да скачка цэн на нафту, прымусіўшы амерыканскія кампаніі шукаць альтэрнатыўныя крыніцы сыравіны, адзначае агенцтва.

Пры гэтым, паводле дадзеных аналітычнай кампаніі Kpler, у бягучым месяцы пастаўкі з Саудаўскай Аравіі могуць аднавіцца да ўзроўню 300 тыс. барэляў у суткі.

Мінулы раз, паводле Bloomberg, імпарт саудаўскай нафты ў ЗША быў на самым нізкім узроўні ў канцы 2020-га.

7 жніўня Fars паведаміла, што Іран прапанаваў забараніць праход амерыканскіх суднаў праз Армузскі праліў у межах праекта пагаднення з Аманам.

Дакумент, які, паводле дадзеных агенцтва Fars, разглядае парламент Ірана, таксама прадугледжвае забарону на перавозку грузаў, звязаных з Ізраілем, і ўвядзенне збораў за праход праз праліў.

Паводле інфармацыі Fars, Іран захавае кантроль над уваходам суднаў у Армузскі праліў, а выхад будзе ажыццяўляцца сумесна з Аманам. Пры гэтым ЗША настойваюць на свабодным суднаходстве без дазволаў і збораў, а Тэгеран звязвае поўнае адкрыццё праліву са зняццем амерыканскай марской блакады.

Апошнія навіны