BE RU EN

Чатыры простыя спосабы пачаць міжземнаморскую дыету

  • 1.09.2026, 16:26

Гэта прасцей і танней, чым здаецца.

Міжземнаморскую дыету часта лічаць дарагой і складанай, аднак эксперты па харчаванні сцвярджаюць, што перайсці на яе можна паступова і без радыкальнай перабудовы звыклага рацыёну, піша часопіс TIME (пераклад — сайт Charter97.org).

Даследаванні звязваюць такі стыль харчавання з памяншэннем рызыкі дыябету другога тыпу, інсульту, сардэчна-сасудзістых захворванняў і некаторых відаў раку. Таксама ён можа станоўча ўплываць на кагнітыўнае здароўе.

Аснову рацыёну складаюць гародніна, садавіна, цэльназернавыя прадукты, рыба і аліўкавы алей. Чырвонае мяса, насычаныя тлушчы і алкаголь рэкамендуецца ўжываць у невялікіх колькасцях.

Першы просты крок — не баяцца замарожанай і кансерваванай гародніны і садавіны. Паводле слоў прафесаркі Бостанскага ўніверсітэта Джоан Салдж Блейк, яны могуць быць гэтак жа пажыўнымі, як свежыя прадукты, але каштуюць танней і даўжэй захоўваюцца.

«Не абавязкова гатаваць усё з нуля і купляць толькі свежае», — адзначае экспертка.

Тое самае датычыцца рыбы. Замарожаны або кансерваваны тунец і ласось могуць стаць даступнай крыніцай бялку і карысных тлушчаў.

Дыетолагі таксама раяць разнастайніць крыніцы бялку, дадаючы ў рацыён яйкі, фасолю, сачавіцу, арэхі і насенне. Напрыклад, частку мяса ў звыклай страве можна замяніць бабовымі.

Галоўнае правіла — не спрабаваць змяніць усё за адзін дзень. «Невялікія паступовыя змены» працуюць лепш, чым рэзкая адмова ад звыклай ежы, лічаць спецыялісты.

Важная частка міжземнаморскага ладу жыцця — рух. Нават рэгулярныя невялікія фізічныя нагрузкі разам са змяненнем рацыёну могуць стаць першым крокам да больш здаровых звычак.

Апошнія навіны