Лукашэнка выйшаў на самога сябе
- 11.09.2026, 8:36
Хто сапраўдны «прахадзімец»?
Падчас чарговай нарады Лукашэнка патрабаваў ад чыноўнікаў «абароніць дзяцей ад прахадзімцаў у сферы адукацыі». Справядліва, бо такая патрэба даўно наспела. Але ёсць адзін нюанс, піша «Салідарнасць».
Справа не ў тым, што ў дадзеным выпадку кіраўнік даручыў разабрацца з рэпетытарамі. Сапраўдная праблема зусім не ў іх, як бы ні спрабавалі ачарняць інстытут рэпетытарства і сам Лукашэнка, і прызначаны ім міністр адукацыі. Не тых людзей назвалі прахадзімцамі.
Столькі праблем для беларускай адукацыі, як сам Лукашэнка за тры з лішнім дзесяцігоддзі кіравання, не прынёс ніхто. Бясконцыя перапісванні праграм і падручнікаў, непрадуманыя рэформы — гэта яшчэ далёка не поўны спіс.
Прахадзімцамі рэпетытараў называе чалавек, які вярнуў у школы пахнучыя нафталінам савецкія практыкі — ад збору макулатуры і металалому, удзелу ў зборы ўраджаю замест вучобы да добраахвотна-прымусовага сяброўства ў псеўдапатрыятычных арганізацыях.
Абароніць нашых дзяцей трэба не ад рэпетытараў, а ад тых, хто прамывае ім мазгі прапагандай, хто ладзіць для іх фотасесіі са зброяй, рыхтуе іх да ролі будучага гарматнага мяса.
На жаль, вырашэнне гэтай праблемы наўпрост залежыць ад сыходу ад улады галоўнага «абаронцы» беларускіх дзяцей.