За кулісамі ўкраінскай «рэвалюцыі»
- 11.09.2026, 12:56
Журналісты паказалі, як да баёў на Данбасе рыхтуюцца наземныя робаты.
Украіна імкліва нарошчвае выкарыстанне наземных беспілотнікаў на фронце, спрабуючы кампенсаваць недахоп асабовага складу і знізіць страты сярод вайскоўцаў. Журналісты Reuters пабывалі ў майстэрнях Трэцяга армейскага корпуса ЗСУ, дзе рыхтуюць да баявой працы «Гіен» і іншыя робатызаваныя платформы (пераклад — сайт Charter97.org).
Наземныя дроны выкарыстоўваюць для самых розных задач. Яны перавозяць боепрыпасы і прадукты харчавання, эвакуіруюць параненых, вядуць агонь з кулямётаў, падаўляюць пазіцыі праціўніка і дастаўляюць выбухоўку да важных аб’ектаў. Паводле даных украінскага Мінабароны, толькі ў гэтым годзе такія машыны здзейснілі больш за 50 тыс. лагістычных і эвакуацыйных рэйсаў.
«Адзін з найбольш запатрабаваных робатаў падраздзялення — «NC13». Яго ўжо выкарыстоўвалі падчас штурмавых аперацый і ў некаторых выпадках прымушалі расійскіх вайскоўцаў здавацца», — піша Reuters.
Аднак тэхніка пакуль не здольная цалкам замяніць чалавека. Робаты маюць праблемы з перасечанай мясцовасцю, а для зачысткі траншэй па-ранейшаму даводзіцца адпраўляць пяхоту.
Камандзір Трэцяга армейскага корпуса Андрэй Білецкі лічыць, што армія стаіць на парозе новай тэхналагічнай рэвалюцыі. Да канца года долю пяхоты на пярэднім краі можна скараціць прыкладна на траціну.
«Паступовая замена людзей робатамі — гэта новая рэвалюцыя ў ваеннай справе», — заявіў Білецкі.
Аўтаматызацыя дазволіць адвесці салдат ад найбольш небяспечных задач. Штучны інтэлект таксама павінен дапамагчы камандзірам хутчэй прымаць рашэнні і больш эфектыўна кіраваць падраздзяленнямі.
«Мы павінны вызваліць людзей ад руціннай і смяротна небяспечнай працы», — лічаць украінскія вайскоўцы.
Пры гэтым маштабнае ўкараненне баявых робатаў паказвае, наколькі хутка змяняецца характар вайны. Калі раней галоўную ролю на полі бою адыгрывалі танкі і пяхота, то цяпер усё больш задач бяруць на сябе машыны, якімі аператар можа кіраваць з бяспечнай адлегласці.