Беларускі футбаліст расказаў, як выратаваў жанчыну, якая тонула
- 11.09.2026, 14:33
Кірыл Нехін без ваганняў кінуўся ў ваду.
Кірыл Нехін, які выступае за клуб другой лігі «Агро-Пелішча», улетку выратаваў чалавека, які тонуў. Кірыл адпачываў на пляжы ў Брэсце, калі гэта здарылася.
Хлопец без ваганняў кінуўся ў ваду, каб выратаваць чалавека. У інтэрв'ю Betnews ён расказаў пра абставіны гісторыі.
«Мы сабраліся ноччу кампаніяй на Чырвоным двары (пляж у Брэсце). Нас было чалавек 15. Пад раніцу мы з некаторымі сябрамі вырашылі пасядзець на лежаках, якія былі каля берага. Там мы пазнаёміліся з іншай кампаніяй, якая адпачывала побач. Сядзелі, класна размаўлялі, усё было добра. А потым жанчына з той другой кампаніі вырашыла паплаваць у возеры. Плыве, плыве і сама не заўважыла, як адплыла метраў на 50 ад берага… І я ўжо зразумеў, што сама яна адтуль не выбярэцца: яе пачало кідаць — галава то пад вадой, то над вадой. І нічога іншага не заставалася, як хутка плысці і ратаваць чалавека. Ніколі не думаў, што калі-небудзь апынуся ў падобнай сітуацыі», — кажа Кірыл.
Кірыл не толькі футбаліст, але і настаўнік фізкультуры ў школе; плаваць навучыўся яшчэ ў школе, вучылі плаванню і ва ўніверсітэце на факультэце фізічнага выхавання.
Ён кажа, што спачатку паплыў не ён, а яго знаёмы Ігар, які першы гэта ўбачыў.
«Па целаскладзе ён такі худзенькі, і яму самому было цяжка. А следам плыў я. Я Ігару сказаў: «Плыві да берага, я сам справлюся», — адзначыў хлопец.
Ігар адзначае, што сваякі не чакалі ад яго такога самаахвярнага ўчынку, але сам сябе героем не адчувае.
Яго каманда «Агро-Пелішча» гуляе ў Камянцы — у другой лізе чэмпіянату Беларусі. Цяпер выйшла ў другі этап і спрабуе змагацца за павышэнне ў класе.
«Жыхары Камянца [на матчы] прыходзяць, з Брэста людзі прыязджаюць. Плюс сем'і футбалістаў. Калі мы гуляем на штучным полі, у сярэднім прыходзіць па 50 чалавек. Калі на натуральным — чалавек 120», — кажа ён.
Асноўная яго праца — настаўнік фізкультуры ў школе.
«Булінгу няма. У мяне ўрокі праходзяць у дысцыпліне. Дзеці ведаюць, чаго я ад іх хачу, і гэта выконваюць. Усім усё падабаецца. Далёка не ўсе ведаюць, што я гуляў у «Руху», быў капітанам дубля «Дынама» Брэст. Але ёсць і тыя, хто ведае, цікавіцца і ФК «Агро-Пелішча». Пытаюцца парад. Для тых, хто ведае, — напэўна, крута, што я футбаліст», — адзначыў Кірыл.
— Што вучні сказалі, калі даведаліся пра ваш геройскі ўчынак?
— Сказалі: «Кірыл Дзмітрыевіч, вы, вядома, малайчына». Мне прыемна.