BE RU EN

Прадказанне Нарышкіна

  • Аарон Леа і Борух Таскін
  • 12.09.2026, 7:11

Лінія фронту на перамовах не зрушылася.

Выступленні дырэктара СВР Сяргея Нарышкіна часта прыцягваюць увагу: то тым, як ён палохліва агаворваецца (2022 год, люты, знакаміты Савет бяспекі), то тым, якую лухту ён нясе («вы не ўяўляеце, колькі краін Амерыкі просіць нас не спыняцца ва Украіне на паўдарозе»). Не такую баязлівую і не такую яркую, але вельмі паказальную прамову сказаў Нарышкін на сустрэчы кіраўнікоў спецслужбаў СНД у Санкт-Пецярбургу.

Гэта пакуль што апошняе выступленне дырэктара Нарышкіна адбылося ўсяго за суткі да таго, як у Крэмлі прайшлі трохгадзінныя перамовы Пуціна са спецпасланнікамі Дональда Трампа Уіткофам і Кушнерам (так яго называе Сяргей Лаўроў). Выступленне дырэктара СВР спрацавала як загараджальны агонь. Прамова Нарышкіна стала працягам спецаперацыі дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа у Расіі, але вынесеным на публіку: спачатку Вашынгтон прысылае галоўнага разведчыка, затым Масква праз галоўнага разведчыка акрэслівае межы кампрамісу — і тыя ж межы ўсплываюць у пераказе перамоваў з Уіткофам і Кушнерам.

Даказваць каардынацыю не трэба, важная паслядоўнасць.

Хацеў сказаць

У Нарышкіна было мінімум тры адрасаты. Партнёрам па СНД: сігнал не дрэйфаваць да Захаду. Уласнаму апарату: абгрунтаванне, што рэсурсы краіны на гады наперад распісаныя пад канфрантацыю. І Вашынгтону: за суткі да таго, як амерыканскія эмісары прывезлі ў Маскву прапановы аб урэгуляванні — паводле дадзеных Bloomberg, вакол ідэі дэмілітарызаванай зоны на Данбасе, — дырэктар СВР гучна зафіксаваў адсутнасць падстаў для кампрамісу.

Фармальна XXII пасяджэнне кіраўнікоў спецслужбаў СНД — мерапрыемства планаванае, не скліканае спецыяльна пад візіт Уіткофа і Кушнера. Але менавіта так і атрымліваецца шумовы эфект: сілавы блок выкарыстоўвае ультыматыўную рыторыку ў рэжыме нон-стоп, і любое супадзенне з ключавой дыпламатычнай падзеяй аўтаматычна ператварае руціннае буркатанне ў скандальны выкрык, праўда, амерыканскім бокам ён не счытваецца.

Сказаў

Выступленне Нарышкіна было дыдактычным: аказваецца, еўрапейская ініцыятыва Readiness 2030 — не рэакцыя на ўварванне 2022 года, а доказ першапачатковага курса Захаду на канфлікт; постсавецкая прастора — буферная зона, за якую ідзе барацьба чужых спецслужбаў; канфлікт у Еўразіі — «цалкам рэальная», а галоўнае, непазбежная пагроза.

Памочнік Пуціна па міжнароднай частцы Юрый Ушакоў пасля сустрэчы з амерыканцамі сказаў пра тое самае: «рэальныя поспехі» арміі, упэўненасць у дасягненні мэтаў СВА, неабходнасць «ліквідацыі першапрычын канфлікту» — усё з ультыматумаў 2021–2022 гадоў. Публічная рыторыка кіраўніка СВР і перамоўная пазіцыя Масквы супалі занадта дакладна, каб гэта засталося незаўважаным: залп з адной вежы, пацвярджэнне з другой.

Субяседнік Reuters у Крэмлі ведае, што Пуцін не мае намеру абмяркоўваць лінію фронту, пакуль не завершыць захоп асталай часткі Данецкай вобласці, як ён лічыць, да канца года. Але гэта, вядома, не болей як ананімная крыніца напярэдадні візіту; падобныя ўцечкі — хутчэй сустрэчнае зандаванне, а не крэмлёўская ўстаноўка.

Але супадзенне крамлёўскіх спікераў з Нарышкіным працуе. Масква, як лічыць Яўген Савосцянаў, надала даныя ад спадарожнікавай групоўкі «Рассвет» для забеспячэння іранскіх ракетных удараў па амерыканскіх авіяносцах 5 верасня. Яны не былі паспяховымі, але паказалі багацце абменнага фонду Крэмля.

Значыць, гэта не супадзенне, а пасланне.

Не сказаў

Адсылка Нарышкіна да Карыбскага крызісу як мадэлі «кіраванай дэскалацыі» спачатку ўспрымалася як гатоўнасць да кампрамісу. Вынік перамоваў у Крэмлі гэта абверг: саступак не паследавала, а патрабаванні хутчэй узмацняюцца — па меры таго, як Пуцін умацоўваецца ў меркаванні пра ўласную вайсковую перавагу.

Гістарычную паралель (а хто больш за гісторыка, чым старшыня Расійскага гістарычнага таварыства Нарышкін? — хіба што Пуцін) трэба чытаць у духу савецкай і расійскай вайскова-палітычнай традыцыі: апеляцыя да 1962 года — не запрашэнне да перамоваў, а класічнае балансаванне на мяжы вайны, калі адказнасць за рызыку непрадказальнага развіцця крызісу загадзя перакладаецца на Вашынгтон, калі, барані Бог, той праігнаруе ўмовы Масквы.

Прамая пагроза далейшай эскалацыі.

І ні слова пра тое, хто пачаў вайну ў 2022 годзе, ні пра залежнасць Масквы ад Пекіна, без якой рыторыка «ўзыходзячай дзяржавы» перад тварам «стомленага гегемона» не працуе. То-бок адсылка да Карыбскага крызісу — не толькі пагроза, але і прапанаваная мадэль свету: 1962 год як момант, калі дзве ядзерныя дзяржавы негалосна прызналі права адна адной вырашаць лёс прасторы паміж імі. Суб'екты гэтай карціны — толькі Масква і Вашынгтон, а краіны паміж імі — тэрыторыя ўзгаднення чужых інтарэсаў. Для Украіны гэта азначае: кампраміс пачынаецца не з яе выбару, а з таго, пра што дамовяцца РФ і ЗША.

Ушакоў пераказваў змест закрытай сустрэчы ў тых жа максімалісцкіх тэрмінах — яго інтэрв'ю цалкам можна лічыць працягам папераджальна-загараджальнага агню, але ўжо пасля перамоваў. Выступленне разведчыка ў гэтай аптыцы перастае быць асобным жанрам: гэта першы залп артпадрыхтоўкі, другая хваля была дадзена за закрытымі дзвярыма Крэмля, а трэцяя — пераказана ў тых жа выразах, што і напярэдадні. Паглядзім, ці стануць новыя атакі Ірана маркерам ціску Масквы.

Таксама Ушакоў падкрэсліў, што Уіткоф і Кушнер абяцалі перадаць у Кіеве асабістыя «назіранні» Пуціна — і на наступны дзень яны паехалі да Зяленскага. Значыць, Вашынгтон тут не арбітр, а чаўнок, што перавозіць умовы Масквы ў Кіеў: не Пуцін едзе да пасярэдніка, а пасярэднік — да Пуціна.

Важная заўвага: паводле ацэнкі Фрэнсіса Фукуямы, раздражненне Трампа Пуціным выклікана не спачуваннем Украіне, а тым, што разлік на хуткую перамогу РФ праваліўся — «бок Трамп не змяніў». Атрымліваецца, што роля Вашынгтона як нейтральнага пасярэдніка ў гэтай канструкцыі такая ж умоўнасць, як і роля Масквы — ахвяры чужых маніпуляцый.

Візіт Рэткліфа напрыканцы жніўня з патрабаваннем спыніць дапамогу Ірану толькі азлабіў Крэмль, падтрымка працягваецца. Дэмарш Нарышкіна і перамовы ў Крэмлі пацвердзілі: пакуль Вашынгтон шукае кампраміс, Масква дыктуе кошт капітуляцыі.

Уіткоф і Кушнер прыбылі цягніком з Польшчы ў Кіеў з таблічкай Peace express і накіраваліся да мемарыяла загінулым воінам на Сафійскай плошчы, дзе Уіткоф хваліў «непараўнальную гасціннасць», а Зяленскі гаварыў пра «годны мір» — але тэрытарыяльнае пытанне зноў адклалі «да ўзроўню лідараў». Аднаўленне перамоваў прызначана на канец верасня — ужо пасля выбараў у Дзярждуму і да прамежкавых выбараў у ЗША.

І тут важная не столькі сама паўза, колькі тое, што яна дае: наступны раўнд адкладзены да канца верасня, за гэты час рускія, магчыма, прасунуцца — а значыць, на сустрэчу ў канцы месяца Масква прыйдзе з новай лініяй фронту і прад'явіць яе як новую адпраўную кропку для перамоваў. Тэзіс «час працуе на РФ» не абавязкова праўдзівы сам па сабе. Проста Вашынгтон згаджаецца весці перамовы так, быццам гэта ўжо даказаны факт.

Лінія фронту на перамовах не зрушылася. Менавіта гэта і прадказваў Нарышкін.

Аарон Леа і Борух Таскін, The Moscow Times

Апошнія навіны