Дроны атакавалі хімзавод у Тальяці і аэрадром у Таганрозе
- 12.09.2026, 8:21
«КуйбышаўАзот» вырабляе ўнікальную для РФ прадукцыю.
У ноч на 12 верасня украінскія дроны наведалі як мінімум два расійскія гарады — Тальяці ў Самарскай вобласці і Таганрог — у Растоўскай вобласці. У першым з іх наняслі ўдар па хімічным заводзе «КуйбышаўАзот», які, у тым ліку, спецыялізуецца на вытворчасці ўнікальнай для РФ прадукцыі.
А ў Таганрозе пажар пасля атакі ўспыхнуў на тэрыторыі абанкруцелага аўтазавода, дзе цяпер збіраюць ударныя дроны, пад удар таксама трапіў ваенны аэрадром. Падрабязнасці паражэнняў апублікаваў у Telegram-канале Exilenova+.
Выбухі ў Тальяці
Пра выбухі ў Тальяці Самарскай вобласці РФ стала вядома бліжэй да раніцы. Расіяне скардзіліся на атаку, якой, паводле папярэдніх звестак, падвергся хімічны завод «КуйбышаўАзот».
Судзячы па кадрах, знятых відавочцамі, там ўспыхнуў пажар.
З цягам часу пажар разгараўся.
Хімічны завод «КуйбышаўАзот» вырабляе капролактам, аміячную салетру, карбамід, сульфат амонію, аміяк, слабую азотную кіслату, паліамід-6, высокатрывалую тэхнічную нітку. Апошнія два віды прадукцыі ў РФ выпускае толькі гэта прадпрыемства.
Атака на Таганрог
Гучна было гэтай ноччу і ў Таганрозе Растоўскай вобласці.
Там, як піша Exilenova+, пад удар трапіў аўтазавод.
«У Таганрозе была атакаваная тэрыторыя Таганрогскага аўтамабільнага завода, гарыць рэзервуар», — адзначана ў паведамленні.
Пажар на тэрыторыі гэтага прадпрыемства фіксуюць спадарожнікі NASA FIRMS. Бачныя як мінімум два ачагі ўзгарання. А над горадам падымаецца дым.
Як устанавіў OSINT-эксперт незалежнага расійскага выдання ASTRA, дым падымаецца, у тым ліку, і з боку ваеннага аэрадрома Таганрога.
«Таганрог-Цэнтральны» — гэта ваенны аэрадром у Растоўскай вобласці Расіі, размешчаны ў межах горада Таганрога. На аэрадроме базуецца 708-ы ваенна-транспартны авіяцыйны полк.
Побач працуе таксама 325-ы авіярамонтны завод, які рамантуе транспартныя самалёты і камплектуючыя.
У Exilenova+ таксама напісалі, што ў Таганрозе «быў атакаваны аэрадром і ваенны гарадок, там цяпер пажар».
Тое, што дронавая атака была паспяховай, пацвярджалі мясцовыя каналы.
«Таганрог, на жаль, ёсць наступствы на зямлі. Працуюць экстранныя службы. Астатняя інфармацыя пазней ад афіцыйных службаў», — пісалі яны.
Пазней прыйшло і пацвярджэнне ад уладаў горада.
«Гэтай ноччу наш горад падвергся масіраванай паветранай атацы. Сіламі СПА знішчаны БПЛА над горадам. Ёсць ачагі ўзгарання. Спецыялісты экстранных службаў працуюць на месцах падзення абломкаў. Пацярпелых няма. Інфармацыя пра наступствы на зямлі будзе ўдакладняцца», — заявіла кіраўніца Таганрога Святлана Камбулова.
А вось губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар, які «збіў» «больш за 70 БПЛА» за ноч, заўважыў у Таганрозе толькі «ўзгаранне будынка крамы».
Аўтамабілі на гэтым заводзе даўно не вырабляюць: у 2014 годзе прадпрыемства было прызнана банкрутам. Замест гэтага там збіраюць беспілотнікі. Паводле некаторых звестак, на базе цэхаў ТагАЗ разгорнутыя зборка ўдарна-разведвальных дронаў «Маланка» і вытворчасць камплектуючых для цяжкіх БПЛА «Арыён».