У Пуціна адказалі на прапанову Зяленскага сустрэцца на саміце G20
- 12.09.2026, 14:27
Заява прагучала адразу пасля таго, як з'явіўся публічны зварот прэзідэнта Украіны.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін пакуль не прыняў рашэння аб удзеле ў саміце «Групы дваццаці».
Пра гэта заявіў памочнік кіраўніка Крэмля Юрый Ушакоў, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на «Известия».
Паводле слоў Ушакова, магчымасць паездкі Пуціна на саміт G20 у Маямі яшчэ нават не абмяркоўвалася.
«Работа вядзецца на ўзроўні экспертаў, нашы пастаянна працуюць над дакументамі будучага саміту, то бок усё ідзе як звычайна. А што да магчымасці паездкі Пуціна — гэтае пытанне ў нас яшчэ нават не абмяркоўвалася», — заявіў памочнік расійскага дыктатара.
Ушакоў таксама пацвердзіў, што праца ўладаў РФ з амерыканскім бокам працягваецца.
Ён дадаў, што падчас перамоў назіраецца «дабразычлівы і канструктыўны настрой».
Варта адзначыць, што гэтая заява Ушакова прагучала адразу пасля таго, як у СМІ з'явіўся публічны зварот прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага да Пуціна.
Зяленскі фактычна прапанаваў кіраўніку Крэмля правесці асабістую сустрэчу менавіта падчас саміту «Групы дваццаці» ў снежні 2026 года.
Паводле слоў Зяленскага, ён гатовы туды прыляцець, калі там будзе расійскі дыктатар.
«Мы павінны там быць. Мы павінны сустрэцца, пагаварыць і прыняць рашэнне», — падкрэсліў прэзідэнт Украіны.