У Канадзе больш за 20 украінскіх лётчыкаў рыхтуюцца да пераходу на знішчальнікі F-16 і Gripen
- 12.09.2026, 16:29
Лётчыкі атрымаюць сучасны досвед.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў групу ўкраінскіх ваенных лётчыкаў, якія праходзяць навучанне ў Канадзе, напярэдадні іх будучага пераходу на заходнія знішчальнікі, у тым ліку F-16 і шведскія Gripen. Пра гэта піша Defence Blog.
Зяленскі прыбыў у Міжнародную школу падрыхтоўкі ваенных лётчыкаў у горадзе Норт-Бэй, правінцыі Антарыё. Падчас візіту ён сеў у лётны трэнажор, і ўкраінскія лётчыкі расказалі яму пра тое, як паводзіць сябе вучэбна-баявы L-39 у параўнанні з самалётамі савецкай эпохі.
Адзначаецца, што гэта школа займаецца падрыхтоўкай украінскіх лётчыкаў да пераходу на знішчальнікі F-16 і Gripen з красавіка 2025 года. Цяпер у ёй навучаецца 21 украінскі ваеннаслужачы, якія праходзяць на самалётах L-39 трэці і чацвёрты этапы лётнай падрыхтоўкі, што папярэднічаюць пераходу лётчыкаў на сучасныя знішчальнікі.
— Мы вельмі ганарымся тым, што ў Украіны, у нашых узброеных сілах, ёсць гэтае пакаленне маладых лётчыкаў. Дзякуй усім, хто на гэтым шляху, у працэсе навучання, на палігонах, павышае ўзровень падрыхтоўкі кожнага з вас. Я сапраўды хачу, каб вы набылі менавіта такі досвед — сучасны досвед. У нас ужо ёсць не толькі F-16. Сёлета прыбудуць Gripen. З цягам часу паступяць і іншыя самалёты. Але, мабыць, самае галоўнае — гэта ўзровень нашых лётчыкаў, — сказаў Зяленскі, звяртаючыся да лётчыкаў.
У выданні адзначылі, што гэты візіт стаў часткай больш шырокай паездкі прэзідэнта Украіны ў Канаду, у межах якой таксама адбылася прэзентацыя ўкраінскіх тэхналогій у галіне беспілотных лятальных апаратаў у правінцыі Альберта з удзелам прэм’ер-міністра Канады Марка Карні.