Расійскія штурмавікі спрабавалі па газаправодзе пранікнуць з Курскай вобласці на Сумшчыну
- 12.09.2026, 16:59
Украінскія абаронцы ўдарылі па іх артылерыяй і дронамі.
Байцы ўкраінскай 47-й ОМБр «Магура» і іншыя падраздзяленні Сіл абароны Украіны ліквідавалі групу расійскіх штурмавікоў, якія спрабавалі пранікнуць з Курскай вобласці на Сумшчыну, прасоўваючыся па непрацуючым газаправодзе.
Пра гэта 47-я ОМБр паведаміла ў Facebook, а таксама апублікавала кадры удараў па праціўніку.
Украінскія вайскоўцы ўдакладнілі, што вораг быў атакаваны артылерыяй, дронамі і іншымі сродкамі паражэння.
«Расіяне вырашылі рэінкарнаваць свой лаз праз трубу, якая цягнецца на Сумшчыну з Куршчыны. Але нешта зноў „пайшло не так“», — гаворыцца ў паведамленні брыгады.
Вайскоўцы адзначылі, што гэты варожы «партал» знаходзіцца пад сталым кантролем 47-й брыгады і сумежных падраздзяленняў.
«Таму каля дзясятка штурмавікоў, якія спрабавалі адтуль вылезці, былі знішчаныя артылерыяй, дронамі і не толькі — дакладна і зладжана адпрацавалі ўсе брыгадныя падраздзяленні. І такі разбор чакае кожнага акупанта», — заявілі ўкраінскія абаронцы.