Нямецкая журналістка выдала сябе за прыхільніцу Крамля і выйшла на агентаў РФ
- 12.09.2026, 18:33
Ёй удалося паспяхова вылічыць расійскіх агентаў у Германіі.
Нямецкая журналістка Анжэлік Герай некалькі месяцаў вяла фэйкавы тэлеграм-канал ад імя «Каці», нібыта прыхільніцы дыктатара Уладзіміра Пуціна. Праз гэты канал з ёй звязаліся людзі, якія пачалі прапаноўваць заданні ў інтарэсах расійскай разведкі, піша DW.
Спачатку Герай публікавала відэа з расійскім сцягам, пасля чаго атрымала прапановы фатаграфаваць аб’екты ў Германіі, сачыць за людзьмі з ХДС, зброевымі кампаніямі і няўрадавымі арганізацыямі. Ад яе таксама патрабавалі збіраць персанальныя даныя супрацоўнікаў.
Паводле слоў журналісткі, вербаванне аднаразовых выканаўцаў часта пачынаецца з простых заданняў за невялікія грошы. Чалавека могуць папрасіць зрабіць фота, забраць пасылку або атрымаць SIM-картку. Пазней заданні становяцца больш сур’ёзнымі. Зносіны звычайна вядуцца праз Telegram, а кожны ўдзельнік аперацыі ведае толькі пра сваю частку працы.
На канал «Каці» таксама выйшаў нямецкі палітык Ёвіца Ёвіч з прарасійскага Саюза Сары Вагенкнехт. Ён даваў парады па развіцці канала і, у прыватнасці, прапанаваў запісаць відэа, дзе «Каця» танцуе на сцягу НАТА.
На пытанне пра магчымыя сувязі з расійскімі спецслужбамі Ёвіч спачатку заявіў, што тэарэтычна нічога не ведае, але практычна ведае, а пазней адмаўляў кантакты з расійскай разведкай.
Пасля таго як Герай раскрыла, што вобраз «Каці» быў выдуманым, невядомыя пагражалі журналістцы забойствам.