BE RU EN

Кіеў зрывае спробы Расіі вербаваць мірных жыхароў

  • 13.09.2026, 14:14

Гэты досвед важны не толькі для Украіны.

Расійскія спецслужбы разгарнулі ва Украіне маштабную кампанію па вербаванні людзей для дыверсій і тэрактаў. Для гэтага выкарыстоўваюцца мэсэнджары, сайты пошуку працы, анлайн-барахолкі, сацсеткі і нават дадаткі для знаёмстваў. Украінская паліцыя сцвярджае, што ў 2025 годзе ёй удалося прадухіліць палову запланаваных расійскіх атак, піша Atlantic Council (пераклад — сайт Charter97.org).

Схема часта пачынаецца з бяскрыўднага паведамлення. Чалавеку прапануюць лёгкі заробак або знаёмства, пасля чаго даюць канкрэтнае заданне. Часам гаворка ідзе пра падпал аўтамабіля або аб’екта інфраструктуры, а часам — пра дастаўку выбухоўкі. Пры гэтым завербаваны можа нават не разумець, што становіцца часткай расійскай аперацыі.

У 2024 годзе па ўсёй Украіне зафіксавалі 558 падпалаў. Паліцыя затрымала 288 падазраваных, большасць з якіх завербавалі ў інтэрнэце. У 2025-м колькасць такіх выпадкаў скарацілася да 369.

Асабліва непакоіць украінскіх праваахоўнікаў узрост удзельнікаў. Летась за дыверсійную дзейнасць затрымалі 69 непаўналетніх. Самаму малодшаму з завербаваных было 13 гадоў. Больш за 250 украінскіх дзяцей самі звярнуліся ў паліцыю, паведаміўшы пра спробы ўцягнуць іх у злачынствы.

«Маўчанне абараняе вербавальніка», — пішуць аўтары матэрыялу, падкрэсліваючы важнасць публічнага інфармавання.

Расійскія агенты атакуюць і саму паліцыю. У 2025 годзе было зарэгістравана 12 злачынстваў супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Сярод метадаў — замініраваныя аўтамабілі, выбуховыя прылады і ілжывыя выклікі, якія павінны завабіць паліцыянтаў у загадзя падрыхтаваную засаду.

Змагацца з такімі атакамі даводзіцца не толькі пасля здзяйснення злачынства. Паліцыя адсочвае каналы вербавання і спрабуе спыняць аперацыі яшчэ на этапе падрыхтоўкі.

«Папярэджанне павінна стаць галоўным прынцыпам», — перакананыя аўтары.

Яны лічаць, што гэты досвед важны не толькі для Украіны. Расійская схема патрабуе мінімум рэсурсаў, лёгка маштабуецца і можа быць выкарыстана ў любой краіне, дзе людзі камунікуюць і шукаюць працу праз інтэрнэт.

Апошнія навіны