BE RU EN

Лукашэнка зноў атакаваў долар

  • 13.09.2026, 17:57

Гэтую вайну дыктатар ужо прайграў.

Пасля пэўнай паўзы кіраўнік Беларусі вярнуўся да сваёй даўняй барацьбы супраць амерыканскай валюты, паведамляе «Салідарнасць».

11 верасня, каментуючы размову з расійскім алігархам Уладзімірам Патаніным, кіраўнік заявіў, што пры цяперашняй палітыцы ЗША трымаць долары ў рэзервах нібыта небяспечна і лепш іх інвеставаць у канкрэтныя праекты:

— Сёння беларусы бачаць і іншае: каму долар сёння патрэбны? Ужо нікому не патрэбны.

Заява Аляксандра Лукашэнкі выглядае дзіўна: долар ЗША застаецца галоўнай сусветнай валютай, ён займае значную долю ў міжнародных рэзервах многіх краін — верагодна, і ў рэзервах Беларусі (гэтыя даныя не раскрываюцца).

Яшчэ больш дзіўнымі выглядаюць паводзіны Лукашэнкі, калі ўлічыць, што з амерыканскім доларам ён упарта змагаецца шмат гадоў.

Напрыклад, у 2010 годзе кіраўнік заявіў:

— Хачу вас папярэдзіць. Вы бачыце, што адбываецца з доларам. Амерыканцы вырашылі падтрымаць сваю эканоміку і ўкідваюць у яе як мінімум 600 млрд долараў. У такіх выпадках звычайна адбываецца дэвальвацыя валюты. Таму будзьце асцярожныя з гэтым доларам. Я вас папярэдзіў.

Праз год кіраўнік назваў амерыканскую валюту «доларавымі паперкамі».

Пры гэтым у рэальнасці адбывалася зусім адваротнае.

За 30 гадоў кіравання Лукашэнкі ў Беларусі афіцыйны курс долара ЗША да беларускага рубля вырас амаль у 12 тысяч разоў, падлічыла некалькі гадоў таму інфармагенцтва «Позірк». Гэта найгоршы паказчык у параўнанні з краінамі-суседзямі і краінамі на прасторы былога СССР.

Нягледзячы на ўсё гэта, Лукашэнка не здаецца і працягвае смяшыць людзей.

Апошнія навіны