Квадратны метр у Мінску ўжо каштуе амаль $ 2300
- 14.09.2026, 11:06
Да канца года можа стаць яшчэ даражэй.
У жніўні, калі «Беларусбанк» пачаў выдаваць крэдыт з льготным перыядам пад 1%, цэны на жыллё прыкметна падскочылі. Пра гэта піша экспертка па нерухомасці Наталля Літоўская у сваім тэлеграм-канале.
Сярэдні кошт квадратнага метра ў Мінску, паводле рэальна завершаных здзелак, вырас да 2295 долараў (6949 рублёў па курсе Нацбанка на 14 верасня). Атрымліваецца, што ўсяго за месяц кошт аднаго «квадрата» ў сярэднім вырас на 2,7% — або на 60 долараў.
З пачатку 2026 года прырост ужо складае каля 18%.
«Нагадаю, з’явіўся „танны“ крэдыт ад „Белінвеста“ на другасны рынак: два гады пад 10,9%. Гэта таксама падтрымае рух цэн уверх да адзнакі 2500 долараў да канца года», — адзначае экспертка.
Аднак ужо ў 2027 годзе кошт жылля можа знізіцца да 2200 долараў за квадратны метр, адзначае экспертка са спасылкай на фінансіста.
Нагадаем, у ліпені 2026 года сярэдні кошт квадратнага метра жылля ў Мінску вырас да 2064 долараў, на гэтым фоне эксперты прагназавалі хуткія змены і рызыкі на рынку нерухомасці.
На пачатку жніўня «Беларусбанк» пачаў падпісваць партнёрскія пагадненні з забудоўшчыкамі па крэдытнай праграме са стаўкай 1% гадавых у льготны перыяд. Пасля ананса гэтых крэдытаў у офісах продажаў пачаўся ажыятаж, хоць аналітыкі папярэджвалі пра непазбежны рост цэн з-за павышанага попыту. Аднак ужо ў верасні з-за ваганняў валютных курсаў чэргі ў забудоўшчыкаў зніклі, бо кватэры ў рублях сталі даражэй.