У Беларусі раптоўна паднялі па трывозе танкавы батальён
- 14.09.2026, 13:09
Падраздзяленне павінна ў найкарацейшыя тэрміны падрыхтавацца да выканання задач.
Прывесці танкавы батальён 19-й асобнай механізаванай брыгады (Заслонава, Віцебская вобласць) у гатоўнасць да «выканання задач па прызначэнні ў штаце мірнага часу» распарадзіўся дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч.
Паводле інфармацыі Міністэрства абароны, у межах праверкі баявой гатоўнасці 14 верасня адпаведны загад аператыўнаму дзяжурнаму на пункце кіравання Генеральнага штаба ўручыў намеснік дзяржсакратара Андрэй Гарбатэнка.
Паведамляецца, што батальёну «пастаўлена задача прывесці сябе ў гатоўнасць у найкарацейшыя тэрміны, пасля гэтага здзейсніць марш у вызначаны раён, падрыхтаваць узбраенне і ваенную тэхніку да прымянення, выканаць агнявыя задачы са штатнага ўзбраення, танкаў і стралковай зброі». Пасля гэтага будуць праведзены «кантрольныя заняткі па тактычнай, тактыка-спецыяльнай, агнявой і фізічнай падрыхтоўцы».
«Пачынаючы чарговы этап праверкі, мы казалі, што будзем правяраць, як функцыянуе сістэма кіравання ўсім сілавым блокам. Таму парадак давядзення такіх распараджэнняў кожны раз будзе розным. Мы правяраем, як працуе ўся сістэма кіравання, як службовыя асобы здольныя своечасова прымаць рашэнні, своечасова даводзіць задачы і кантраляваць выкананне пастаўленых задач», — заявіў Гарбатэнка.