BE RU EN

Макрон склікае надзвычайнае пасяджэнне G7

  • 18.09.2026, 21:30

На фоне гібрыдных атак Крамля.

Краіны G7 у найбліжэйшыя тыдні абмяркуюць меры рэагавання на імклівы рост коштаў на энергарэсурсы, у тым ліку магчымы выпуск на рынак стратэгічных запасаў нафты. Сустрэчу «Вялікай сямёркі» ініцыяваў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон, паведамляе Politico.

- У найбліжэйшыя тыдні адбудзецца сустрэча G7, прысвечаная пытанням энергетыкі, з мэтай пашырэння супрацоўніцтва і недапушчэння залішняй напружанасці паміж краінамі G7 і нашымі асноўнымі партнёрамі, – заявіў французскі лідар на прэс-канферэнцыі ў пятніцу.

За апошнія тыдні кошт нафты істотна вырас на фоне вайны на Блізкім Усходзе і пагроз для транспартавання сыравіны праз ключавыя марскія маршруты.

Кошт Brent у пятніцу трымаўся вышэй за $100 за барэль, а рынак працягваў улічваць рызыкі далейшых збояў з пастаўкамі.

Заява прэзідэнта прагучала пасля сустрэчы ў Елісейскім палацы з кіраўнікамі асноўных палітычных сіл Францыі і кандыдатамі ў прэзідэнты.

На нарадзе абмяркоўваліся міжнародная сітуацыя, вайна Расіі супраць Украіны, канфлікт на Блізкім Усходзе і наступствы гэтых крызісаў для французскай эканомікі і энергетычнага рынку.

Макрон назваў сітуацыю сур'ёзнай і заклікаў палітычныя сілы захоўваць адзінства.

На сустрэчы з палітычнымі лідэрамі Макрон таксама паведаміў пра ўзмацненне мер бяспекі вакол крытычнай інфраструктуры і аб'ектаў абароннай прамысловасці.

Па яго словах, Францыя сутыкаецца з пачашчанымі кібератакамі і пагрозай гібрыдных аперацый з боку Расіі. Прэзідэнт даручыў ураду падрыхтаваць меры па ўзмацненні абароны важных аб'ектаў ад магчымых атак з выкарыстаннем беспілотнікаў і кіберсродкаў.

Апошнія навіны