BE RU EN

Сёння - Дзень нацыянальнага сцяга і герба «Пагоня»

  • 19.09.2026, 12:10

35 гадоў таму яны сталі дзяржаўнымі сімваламі беларусаў.

Сёння - Дзень дзяржаўнага сцяга і герба. 19 верасня 1991 года - найважнейшая дата ў найноўшай гісторыі Беларусі. У гэты дзень герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі дзяржаўнымі сімваламі нашай дзяржавы.

Іх гісторыя налічвае сотні гадоў.

Розныя варыяцыі герба «Пагоня» сустракаюцца з сярэдзіны X стагоддзя ў гісторыі многіх народаў, што жылі на паўднёвым і ўсходнім берагах Балтыйскага мора - ад Даніі да Ноўгарада. Вершнік з мячом прысутнічаў на пячатках кіраўнікоў абадрытаў і люцічаў, а таксама князёў Казіміра Апольскага і Аляксандра Неўскага.

Першае пісьмовае ўпамінанне пра выкарыстанне «Пагоні» на тэрыторыі Беларусі сустракаецца ў літоўскіх хроніках у 1278 годзе і звязана з князем Нарымонтам. Густынскі летапіс паведамляе пра ўзнікненне герба за часоў вялікага князя Віценя (1294-1316). Першае візуальнае выяўленне «Пагоні» сустракаецца на пячатцы «караля Літвы і Русі» Гедзіміна (1316-1341). Герб прысутнічае і на пячатцы полацкага князя Глеба, датаванай 1330 годам. «Пагоня» была і на пячатцы вялікага князя літоўскага Альгерда, якой ён скрэпіў дамову з польскім каралём Казімірам у 1366 годзе.

Найбольш раннія звесткі пра бел-чырвона-белы сцяг таксама адносяцца да Сярэднявечча. Першым дакументальным сведчаннем яго выкарыстання лічыцца карціна нямецкага мастака Ганса Крэлля 1524 года, прысвечаная Бітве пад Оршай. Таксама бел-чырвона-белы сцяг добра бачны на карціне фламандскага мастака Пітэра Снайерса 1619 года, прысвечанай бітве пад Кірхгольмам.

Беларускія даследчыкі браты Іван і Антон Луцкевічы знайшлі ў адным з аль-кітабаў звесткі пра татарскую конніцу, якая брала ўдзел у Грунвальдскай бітве пад бел-чырвона-белым сцягам Вітаўта Вялікага з нашытымі на яго паўмесяцам і зоркай. Менавіта з-за прыналежнасці палотнішча выбітнаму вялікаму князю яны пачалі актыўна прапагандаваць яго як гістарычны сцяг беларусаў.

Бел-чырвона-белая сімволіка выкарыстоўвалася ўдзельнікамі нацыянальна-вызваленчага руху XIX - пачатку ХХ стагоддзяў. У 1909-1912 гадах стужкі гэтых колераў выкарыстоўваліся студэнтамі-беларусамі ў Санкт-Пецярбургу. У 1916 годзе арганізацыя «Сувязь незалежнай Беларусі», якую ўзначальваў Вацлаў Ластоўскі, мела сваім знамем бел-чырвона-белае палотнішча.

У 1918 годзе была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, дзе герб «Пагоня» стаў галоўным сімвалам новай дзяржавы нараўне з бел-чырвона-белым сцягам.

19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Аб назве Беларускай ССР», згодна з якім яна стала называцца «Рэспубліка Беларусь», а дзяржаўнымі сімваламі Рэспублікі Беларусь сталі бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня».

За зацвярджэнне «Пагоні» як дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь прагаласавалі 204 дэпутаты, 25 устрымаліся, і ніхто не прагаласаваў супраць.

Галоўнымі лабістамі новай сімволікі былі партыя Беларускі Народны Фронт і пастаянная камісія па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, на чале якой быў беларускі паэт Ніл Гілевіч.

Апошнія навіны