Жыхар Мікашэвічаў перадаў вучоным косць маманта, якая захоўвалася ў яго 30 гадоў
- 19.09.2026, 12:38
Яна знаходзілася ў добрым стане.
Жыхар горада Мікашэвічы Лунінецкага раёна перадаў у Інстытут гісторыі НАН Беларусі косць маманта, якая захоўвалася ў яго 30 гадоў. Пра гэта паведамілі ва ўстанове.
Косць вучоным перадаў Уладзімір Міронаў. Знаходка належыць яго бацьку, які працаваў экскаватаршчыкам на мясцовым прадпрыемстве «Граніт».
— Здымалі верхні пласт пяску, каб дабрацца да граніту. І падчас гэтых маніпуляцый і былі знойдзены косці. Я тады быў школьнікам. Знаходка так і захоўвалася ў нас каля 30 гадоў. І я вырашыў перадаць яе вучоным, — распавёў Уладзімір БелТА.
Знаходка — плечавая косць маладога маманта.
— Яна ў добрым стане. Пакуль яшчэ невядомы ўзрост гэтай косці, праводзяцца аналізы. Цяпер яна ўжо знаходзіцца ў экспазіцыі Інстытута гісторыі. Хутчэй за ўсё, будзе захоўвацца ў нас альбо перададзім яе палеантолагам, — паведаміў загадчык цэнтра археалогіі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Авласовіч.