Эксперт: Перамовы ЗША з Лукашэнкам зайшлі ў тупік, пара вяртаць санкцыі
- 19.09.2026, 16:00
Падыход трэба істотна змяняць.
Спецыяльны пасланнік прэзідэнта Злучаных Штатаў Джон Коул пасля вяртання з Беларусі і вызвалення 25 палітвязняў з чаканых двух сотняў правёў сустрэчы ў Літве і Латвіі. Ён расказаў, што гаварыў пра змякчэнне санкцый і транзіт беларускага калію праз Літву і Латвію ў ЗША, перадае «Белсат».
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа нагадаў яму, што ў Беларусі «нягледзячы на гуманітарныя жэсты, агульная сітуацыя з бяспекай застаецца нязменнай». А прэм’ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс проста заявіў: «Латвія лічыць неабходным захоўваць палітычны і санкцыйны ціск і падтрымлівае пашырэнне і ўзмацненне санкцый Еўразвязу».
ЗША не могуць зняць з Лукашэнкі санкцыі Еўразвязу
Ці могуць Літва і Латвія зняць або абысці санкцыі, уведзеныя ўсім Еўразвязам? Ці могуць ЗША ўгаварыць увесь Еўразвяз аслабіць санкцыі? Старшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносін Рыгор Ніжнікаў адказаў «Белсату»: гэта немагчыма, а калі гаварыць пра адыход ад санкцый адной краінай Еўразвязу, дык нават небяспечна.
«Калі якая-небудзь асобная краіна пачне блакаваць гэтыя санкцыі ў Еўразвязе, гэта разваліць усю санкцыйную палітыку і ў пэўным сэнсе нават усходнюю палітыку Еўразвязу. Гэта будзе не проста стрэл сабе ў нагу, гэта будзе катастрофа для Еўрапейскага саюза», – сказаў Ніжнікаў.
«Таму ніхто не будзе гэтым займацца дзеля амерыканцаў, не разумеючы навошта? – адзначыў ён. – Бо амерыканцы нічога не прапануюць узамен. І ўсе разумеюць, што пасля прыняцця такога рашэння прагрэсу не будзе – будзе толькі адкат.
Будзе яшчэ больш глыбокі крызіс у беларуска-еўрапейскіх адносінах. І нават у еўрапейска-расійскіх. Бо, разумееце, якая цяпер атрымліваецца сітуацыя?»
Калі Еўразвяз пагодзіцца, адбудзецца падмена паняццяў, лічыць Ніжнікаў. Для Еўразвязу ключавым пытаннем цяпер з’яўляецца напад Расіі на Украіну, у якім Беларусь выступіла саагрэсарам. Таксама для Еўразвязу важная ўнутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі. З дапамогай Коўла Лукашэнка дамагаецца таго, каб перамовы і санкцыі разглядаліся праз гуманітарную прызму – ратаванне палітвязняў.
«Канешне, калі Лукашэнка даможыцца перагляду еўрапейскай знешняй палітыкі, гэта будзе для Еўропы катастрофа, бо яна нічога не атрымае», – сказаў Ніжнікаў і дадаў:
«Развязанне гэтых гуманітарных пытанняў у цэлым зробіць сітуацыю толькі горшай, – адзначыў ён. – Бо Лукашэнка зразумее, што трэба яшчэ мацней ціснуць, каб дамагацца ад Еўропы і амерыканцаў большага. І расіяне адразу да гэтага таксама далучацца.
Коул робіць з сябе блазна, амерыканцы робяць з сябе блазнаў. Нельга падыходзіць да такіх пытанняў па-дылетанцку! Вось ён цяпер робіць заявы, што яны, атрымліваецца, не ведалі, як працуе сітуацыя ўнутры краіны. Гэта проста паказвае некампетэнтнасць гэтай адміністрацыі, раз ён выходзіць з такімі адказамі, чаму нешта там не спрацавала.
Увогуле на гэта вельмі балюча глядзець – як Лукашэнка здзекуецца з амерыканцаў. Як ён сябе цяпер паводзіць, як ён прымаў цяпер Коўла, як ён у прынцыпе выкручвае ім рукі. Калі вы Ватыкан, вы можаце ездзіць, як робіць Коул, і прасіць. Бо вы Ватыкан, вы едзеце ад Папы Рымскага. Калі вы Амерыка, то вы такім чынам ганьбіцеся», – лічыць Ніжнікаў.
«На жаль, мы зайшлі ў такую сітуацыю, калі не толькі Лукашэнка, але і Іран, і ў пэўным сэнсе Паўночная Карэя і гэтак далей – усе проста перастаюць успрымаць амерыканцаў сур’ёзна з-за палітыкі гэтай адміністрацыі», – сказаў эксперт.
Аляксандр Лукашэнка між іншым патрабаваў ад ЗША вярнуць $43–44 млн, замарожаныя ў Citibank. Белы дом цалкам можа гэтага дамагчыся, дапусціў Ніжнікаў. Ён спрагназаваў, што Лукашэнка можа за гэта вызваліць, «груба кажучы, яшчэ 10 чалавек» – і працягне перамовы.
Гэтыя перамовы надаюць Лукашэнку «дадатковую вагу», адзначыў Ніжнікаў. Да таго, з кім размаўляюць ЗША, стаўленне не такое, як да таго, каго наведваюць толькі расійскія губернатары і «Талібан». І Коул, на думку Ніжнікава, выглядае асабіста зацікаўленым у працягненні перамоваў. Таму, лічыць Ніжнікаў, яны будуць працягвацца, хоць і не прынясуць вялікіх вынікаў:
«Але сам працэс у тупіку! – сказаў эксперт. – Амерыканцы, на шчасце, разумеюць, што пагадзіцца на поўнасцю лукашэнкаўскія ўмовы – гэта будзе ганьба, гэта проста здзек з здаровага сэнсу. Яны проста не могуць згадзіцца на тое, чаго хоча Лукашэнка. А Лукашэнка гатовы толькі гандляваць палітвязнямі і рабіць розныя невялікія саступкі. Тое, чаго хочуць Еўропа і амерыканцы, ён рабіць не будзе ніколі.
Таму мы ў тупіку. Перамовы будуць працягвацца да тых часоў, пакуль амерыканцы не зразумеюць, што працяг такога біцьця галавой аб сцяну становіцца для іх выключна негатыўным працэсам.
Калі амерыканцы не правядуць працу над памылкамі, Лукашэнка будзе паводзіць сябе менавіта так. І гэта будзе проста здзек. Перш за ўсё над людзьмі, якія сталі проста таварам. І галоўнае – гэта размывае і знішчае не толькі амерыканскую палітыку ў дачыненні да Беларусі, але і ў прынцыпе агульназахаднюю».
15 верасня Лукашэнка вызваліў і дэпартаваў 25 палітвязняў, за кратамі, прынамсі, застаюцца каля 900. Злучаныя Штаты знялі санкцыі з «Лакокраскі» і «Беллясбумпрама». Дэмакратычныя сілы чакалі вызвалення не менш як 200 чалавек, а сваякам некаторых палітвязняў напярэдадні казалі прыехаць па іх – але іх так і не выпусцілі.
Ніжнікаў жа лічыць, што перамовы ў цяперашнім фармаце працягваць не варта – падыход трэба істотна змяняць:
«Адзінае, што амерыканцам трэба рабіць цяпер у адказ на такое паводзіны Лукашэнкі, – гэта вяртаць ціск, вяртаць санкцыі. Каб хаця б вярнуць сітуацыю на пачатак 2025 года, канец 2024-га, калі менавіта Лукашэнка абіваў парогі і прасіўся, каб з ім пачалі гаварыць, і паўтараў пра саступкі. А не як цяпер, калі ў ролі прасіцеляў амерыканцы, а не Лукашэнка».
«Менавіта гэтым і павінна займацца амерыканская адміністрацыя. А не шукаць, як ім яшчэ там вярнуць Лукашэнку 40 млн долараў», – лічыць Ніжнікаў.
На гэта Лукашэнка можа адказаць і паваротам сваёй палітыкі: не выпускаць, а саджаць людзей. Ці не пагоршыць такі паварот сітуацыю ў Беларусі? Ніжнікаў даводзіць:
«Гэта тая ілжывая развілка, якую прапануе Лукашэнка. Ён і так саджае. А так хаця б будзе разумець, чым для яго абернецца тое, што ён саджае людзей.
Будзе так, што тое, чаго ён дамогся з амерыканцамі, проста адабяруць. А яму гэта трэба. Ён робіць выгляд, што яму не трэба, але яму гэта трэба, хай нават у такім невялікім маштабе».
Ніжнікаў лічыць, што Злучаным Штатам трэба вяртацца да палітыкі, якая прывяла Лукашэнку за стол перамоваў, і адыходзіць ад лініі, што дазваляе яму патрабаваць, падобна да паўночнакарэйскага дыктатара Кім Чэн Ына, каб да яго прыязджалі і прасілі пра саступкі. Асабліва цяпер, калі гібрыдныя атакі на Літву і Латвію знаходзяцца на піку, а Лукашэнка падштурхоўвае Коўла гаварыць з імі пра змякчэнне санкцый.