У Бранскай вобласці затрымалі фуру з мясам з Беларусі
- 29.09.2026, 10:11
У Бранскай вобласці затрымалі фуру з мясам з Беларусі
Груз мусіў трапіць у Узбекістан, але яго вярнулі назад.
У Бранскай вобласці затрымалі аўтамабіль, які перавозіў вялікую партыю мяса з Беларусі. Груз скіроўваўся транзітам праз тэрыторыю Расіі ў Узбекістан, але да месца прызначэння так і не дабраўся.
Падрабязнасці здарэння паведамілі ў Расельгаснаглядзе.
Аўтамабіль спынілі ў ноч з 15 на 16 верасня. У ім было каля 19 т астуджанай ялавічыны, раздзеленай на чвэрці. Паводле дакументаў, прадукцыю вырабіла ТАА «Аляксандраў» з Мінскай вобласці, а атрымаць яе павінна была ўзбекская кампанія ТАА «MEAT MAGNAT».
Аднак падчас агляду ў спецыялістаў узніклі пытанні да мяса. Высветлілася, што на тушах не было ветэрынарных кляймаў. Без такой маркіроўкі немагчыма вызначыць прыналежнасць прадукцыі і пацвердзіць яе ветэрынарны статус.
У выніку далейшы рух партыі спынілі. Пра парушэнне паведамілі ветэрынарным службам Беларусі, а ўвесь груз вярнулі назад.