BE RU EN

Вялікабрытанія прапанавала шэрагу краін свой «ядзерны парасон»

  • 29.09.2026, 10:47

Пагадненне будзе падпісана ў лістападзе.

Вялікабрытанія прапануе свой «ядзерны парасон» краінам-удзельніцам Аб’яднаных экспедыцыйных сіл (JEF), адпаведнае пагадненне будзе падпісана ў лістападзе.

Пра гэта паведаміла фінская газета Iltalehti са спасылкай на камандуючага ВМС Вялікабрытаніі Гвіна Джэнкінса і старшыню камітэта па пытаннях абароны парламента Фінляндыі Хейккі Аўтту, перадае «Еўрапейская праўда».

Вялікабрытанія прапануе Фінляндыі, Даніі, Эстоніі, Ісландыі, Латвіі, Літве, Нідэрландам, Нарвегіі і Швецыі сваю нацыянальную ядзерную абарону ў межах новых баёвых сіл JEF. Такім чынам, ядзернае стрымліванне ў далейшым не будзе ажыццяўляцца выключна праз сістэму ядзернай абароны НАТА.

Ключавую ролю ў ядзернай абароне адыгрываюць брытанскія атамныя падводныя лодкі.

«Фінляндыя знаходзіцца пад ядзерным парасонам. Гэта гарантуюць нашы падводныя лодкі, якія менавіта цяпер патрулююць Атлантыку», — заявіў камандуючы ВМС Вялікабрытаніі падчас візіту ў Фінляндыю.

Краіны-ўдзельніцы Аб’яднаных экспедыцыйных сіл падпішуць пагадненне аб стварэнні баёвых падраздзяленняў у лістападзе.

Паводле старшыні камітэта па пытаннях абароны парламента Фінляндыі, міністр абароны Анці Хякканэн арганізуе ў аўторак папярэдняе слуханне камітэта адносна будучага пасяджэння JEF.

Аб’яднаныя экспедыцыйныя сілы — гэта шматнацыянальная кааліцыя з 10 еўрапейскіх краін на чале з Вялікабрытаніяй, створаная для аператыўнага рэагавання на пагрозы ў Паўночнай Еўропе, рэгіёне Балтыйскага мора, Арктыцы і Паўночнай Атландыцы.

Вялікабрытанія разам з Францыяй і ЗША — адна з нямногіх краін НАТА, якія валодаюць ядзернай зброяй.

Апошнія навіны