Хмара наведаў камандныя пункты Паветраных сіл на Кіеўшчыне
- 29.09.2026, 19:09
Міністр абароны Украіны абвясціў пра ўзмацненне эшалонаванай абароны Кіева.
Міністр абароны Украіны Яўген Хмара наведаў камандныя пункты ў вайсковых часцях Паветраных сіл у Кіеўскай вобласці.
Пра гэта паведаміла Мінабароны Украіны ў сацыяльных сетках.
Разам з вайскоўцамі Хмара абмеркаваў змяненне тактыкі расійскага тэрору і новыя выклікі, у прыватнасці для сталічнага рэгіёна. Удзельнікі нарады засяродзіліся на працэсе баявой работы — выяўленні і суправаджэнні мэт, прыняцці рашэнняў, знішчэнні паветраных пагроз.
Паводле слоў кіраўніка Мінабароны, задача для абаронцаў неба ясная: знішчаць расійскія сродкі паражэння да таго, як яны дабяруцца да сталіцы.
«Разам вызначылі, якія падыходы трэба змяніць і як узмацніць эшалонаваную абарону Кіева. Авіяцыя, ППА, мабільныя агнявыя групы — усе кампаненты павінны перабудаваць працу з улікам новых рэалій», — паведаміў Хмара.
Хмара таксама пагутарыў з баявымі пілотамі і аператарамі сістэм ППА адносна іх аналізу сітуацыі, падрабязна абмеркаваўшы наяўныя сілы, сродкі і патрэбы падраздзяленняў.
Асаблівую ўвагу надалі рэактыўным ударным дронам тыпу Shahed. Паводле міністра, такія мэты ўжо збіваюць, і цяпер задача — маштабаваць эфектыўныя тэхналагічныя рашэнні і забяспечыць імі падраздзяленні.
«Працуем над гэтым разам з вайскоўцамі, украінскімі вытворцамі і партнёрамі. Нашы далёкасяжныя ўдары ў адказ паслядоўна зніжаюць здольнасць Расіі весці вайну. Адначасова будзем узмацняць абарону сваіх гарадоў і павялічваць ціск на ваенную машыну ворага», — дадаў Хмара.