Прэм'ер-міністрам Марока ўпершыню стала жанчына
- 29.09.2026, 20:40
Інтрыга з прызначэннем новага прэм'ер-міністра краіны захоўвалася да апошняга моманту.
Фаціма Эз-Захра эль-Мансуры, нацыянальны каардынатар кіраўніцтва Партыі аўтэнтычнасці і сучаснасці (Parti Authenticite et Modernite, PAM), прызначаная новым прэм'ер-міністрам Марока. Паведамленне пра гэта апублікавана на афіцыйным сайце караля Мухамеда VI. Эль-Мансуры стала першай жанчынай на чале ўрада краіны і другой у арабскім свеце.
Інтрыга з прызначэннем новага прэм'ер-міністра краіны захоўвалася да апошняга моманту. PAM заняла першае месца на парламенцкіх выбарах, што адбыліся 23 верасня, а згодна з канстытуцыяй менавіта прадстаўніка партыі-пераможцы кароль павінен быў прызначыць новым прэм'ер-міністрам краіны. Аднак у канстытуцыі не сказана, што прэм'ер-міністрам абавязкова павінен быць лідар партыі. Да таго ж кіраўніцтва PAM калегіяльнае. Акрамя спадарыні Эль-Мансуры ў яго ўваходзяць яшчэ два чалавекі.
У папярэднім урадзе краіны Эль-Мансуры займала пасаду міністра тэрытарыяльнага планавання і гарадской палітыкі, а да гэтага была мэрам чацвёртага па велічыні горада краіны — Маракеша.
Першай жанчынай — кіраўніком урада ў арабскай краіне стала Наджла Будэн, якая была прызначаная прэм'ер-міністрам Туніса ў кастрычніку 2021 года і працавала на гэтай пасадзе да 2023 года.