У Угандзе каранавалі новага манарха Тооро Ньябонго I
- 29.09.2026, 21:50
Выбар новага караля выклікаў спрэчку ўнутры сям'і.
У Угандзе каранавалі новага традыцыйнага караля Тооро Эдварда Рукідзі Ньябонго I, паведамляе мясцовае выданне Daily Monitor.
Цырымонія адбылася ў палацы Карузіка ў горадзе Форт-Партал на захадзе краіны. На мерапрыемстве таксама прысутнічаў прэзідэнт Уганды Ёвэры Мусевені.
«Традыцыйныя цырымоніі пачаліся паміж паўноччу і 3 гадзінамі
раніцы, калі Ньябонго I накіраваўся да палаца Карузіка, узяў
удзел у сімвалічнай імітацыі бітвы за карону і выканаў рытуалы, якія ўключалі ў сябе цырыманіяльнае закалванне быка і акрапленне крывёю курыцы», — паведамляецца ў публікацыі.
56-гадовы Ньябонго I даводзіцца стрыечным братам папярэдняму каралю Ойо Ньімбе Кабамбе Ігуру Рукідзі IV, які памёр 27 жніўня ў 34-гадовым узросце ад ангіасаркомы. Да ўзыходжання на трон ён працаваў тэлевядучым і рэдактарам дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Uganda Broadcasting Corporation.
Пасля яго смерці новага манарха абраў камітэт з 21 прадстаўніка каралеўскага клана Бабііта, а пазней кандыдатуру Ньябонго падтрымаў Вярхоўны савет каралеўства.
Пры гэтым, як паведамляе Daily Monitor, выбар новага караля выклікаў спрэчку ўнутры сям'і: маці Ойо Бэст Кемігіса і ягоная сястра Рут Комунтале заявілі, што нябожчык манарх нібыта пакінуў запавет, у якім назваў спадкаемцам свайго малалетняга сына.