Вучоныя даказалі, што геном чалавека ўстойлівы да бязважкасці
- 29.09.2026, 22:21
Вопыт з бязважкасцю паказаў, як гравітацыя ўплывае на ДНК.
Фізікі з Нью-Ёркскага ўніверсітэта з дапамогай унікальнага сімулятара бязважкасці выявілі, як адсутнасць гравітацыі ўплывае на структуру чалавечага геному. Вынікі даследавання, апублікаваныя ў часопісе Science Advances, паказалі, што наш геном неверагодна ўстойлівы да касмічных умоў.
Каб зразумець, як сталая механічная нагрузка ўздзейнічае на ДНК, даследчыкі змясцілі жывыя клеткі ў спецыяльны апарат, які круціцца па складанай трохмернай траекторыі і такім чынам імітуе бязважкасць. Вучоныя параўналі клеткі ва ўмовах імітаванай бязважкасці з клеткамі, на якія ўздзейнічaў паток вадкасці, што ствараў зрухавае напружанне, і з кантрольнай групай. Высветлілася, што праз 24 гадзіны аб'ём ядра пры імітаванай бязважкасці павялічыўся, але ядзерная абалонка захавала сваю структуру. Пры гэтым арганізацыя самога геному і дынаміка яго руху засталіся нязменнымі, а пашкоджанняў ДНК не было зафіксавана. Уздзеянне патоку вадкасці, наадварот, прыводзіла да разрываў ДНК і дэфармацыі клетак.
«Нашы даныя паказваюць, што геном, яго арганізацыя і дынаміка неверагодна ўстойлівыя і, падаецца, не залежаць ад гравітацыі або яе адсутнасці пасля 24 гадзін уздзеяння», — патлумачыла кіраўніца даследавання Аляксандра Зідоўска. Паводле яе слоў, гэтыя вынікі даюць падставы меркаваць, што фізічная арганізацыя геному чалавека можа гэтак жа падвяргацца зменам у касмічнай прасторы за аналагічны час.
Чалавечы геном мае складаную іерархічную структуру: ніць ДНК даўжынёй каля двух метраў шчыльна ўпакаваная ўнутры клеткавага ядра дыяметрам усяго каля 10 мікраметраў. Такая будова непасрэдна звязаная з функцыямі клетак, а любыя адхіленні ў гэтым механізме могуць прывесці да анкалагічных захворванняў або праблем з развіццём. Хаця кароткатэрміновае знаходжанне ва ўмовах імітаванай бязважкасці не нанесла геному бачнай шкоды, аўтары працы папярэджваюць, што на працягу больш працяглых перыядаў гэтыя нязначныя змены могуць назапашвацца і ўплываць на фізіялогію клеткі.