Радыеактыўныя адкіды ў Беларусі плануюць захоўваць у спецыяльных ангарах 600−700 гадоў
- 3.09.2026, 9:17
Разглядаюцца тры патэнцыйныя пляцоўкі для размяшчэння аб'екта.
Рашэнне аб месцы будаўніцтва пункту пахавання радыеактыўных адкідаў можа быць прынята да канца года, перадае БелТА са спасылкай на міністра энергетыкі Дзяніса Мароза.
Цяпер разглядаюцца тры патэнцыйныя пляцоўкі для размяшчэння аб'екта: у Хойніцкім (Гомельская вобласць), Астравецкім (Гродзенская вобласць) і Мсціслаўскім (Магілёўская вобласць) раёнах. Рашэнне аб выбары лакацыі будзе прынята ў канцы 2026 года. Па словах Дзяніса Мароза, гаворка ідзе пра тэрыторыю плошчай не больш за 100 га.
Міністр энергетыкі таксама растлумачыў, што сабой уяўляе пахаванне радыеактыўных адкідаў.
«Яны (адкіды — Заўв. рэд.) памяшчаюцца ў спецыяльны бетонны кантэйнер. У гэтым кантэйнеры яны даводзяцца да шклопадобнай масы: альбо цэментуюцца, альбо заліваюцца вадкім шклом, альбо выкарыстоўваюцца нейкія іншыя метады. І ператвараюцца ў цвёрды матэрыял, які не падвяргаецца ўздзеянню ні вады, ні чаго-небудзь іншага. Гэтыя кантэйнеры памяшчаюцца ў спецыяльныя ангары. А пры запаўненні гэтыя ангары перасыпаюцца інертнымі матэрыяламі, то бок, па сутнасці, пяском, каб не было ніякага вонкавага ўздзеяння. Гэтыя ангары далей закрываюцца, і на наступныя 600−700 гадоў пра іх забываем. Наш пункт пахавання не прадугледжвае выняцця радыеактыўных адкідаў. Яны будуць там знаходзіцца і не запатрабуюць чалавечага ўмяшання», — адзначыў ён.
Нагадаем, члены недзяржаўных арганізацый «Экадом», Solutions for Resilient Communities Inc. (ЗША), эксперт міжнароднай праграмы «Бяспека радыеактыўных адкідаў» Андрэй Ажароўскі і спецыяліст па радыяцыйнай бяспецы і тэхналагічных рызыках Сяргей Бесараб раней прадставілі папярэднія вынікі агляду Справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе (АУНА) праекта «Узведзенне пункта пахавання і часовага захоўвання радыеактыўных адкідаў» у Беларусі.
Іх галоўная выснова: рашэнні па абыходжанні з радыеактыўнымі адкідамі ў праекце прыняты «на карысць небяспечных і састарэлых расійскіх тэхналогій», без аналізу існуючых у свеце альтэрнатыў, піша «Экадом».
«Якасць і паўната дакументацыі не дазваляюць аб'ектыўна ацаніць уздзеянне праекта на навакольнае асяроддзе. Пакуль гэта не выпраўлена, праект не можа быць рэалізаваны», — адзначыў у сваім тэлеграм-канале Сяргей Бесараб.