Навукоўцы выявілі на Сатурне гіганцкі дзесяцікутнік
- 3.09.2026, 13:38
Ён размешчаны каля паўднёвага полюса.
Астраномы выявілі каля паўднёвага полюса Сатурна гіганцкую атмасферную структуру ў форме дзесяцікутніка. Яе заўважылі на здымках, зробленых у 2023 годзе, а назіранні з дапамогай касмічнага тэлескопа «Габл» пацвердзілі адкрыццё.
Пра гэта піша выданне Science Alert.
Структуру выявіла група даследчыкаў пад кіраўніцтвам Агустына Санчэса-Лавегі з Універсітэта Краіны Баскаў (Іспанія). Яна размешчана прыблізна на 60-м градусе паўднёвай шыраты і звязаная з магутным усходнім патокам у атмасферы планеты.
Сам струмень рухаецца вакол Сатурна са хуткасцю каля 420 км/гадз, тады як дзесяцікутная структура перамяшчаецца значна павольней — прыблізна са хуткасцю 10 км/гадз.
Новае ўтварэнне нагадвае вядомы шасцікутнік на паўночным полюсе Сатурна. Упершыню ён быў зафіксаваны апаратамі «Вояджэр» у 1980 і 1981 гадах. Наступныя назіранні з дапамогай касмічнага тэлескопа «Габл» і місіі «Касіні» паказалі, што шасцікутнік застаецца стабільным на працягу як мінімум 44 гадоў.
Дзесяцікутнік доўгі час заставаўся незаўважаным. У 2024 годзе астраномы-аматары зафіксавалі цёмную хвалістую лінію вакол паўднёвага полюса. Аналіз гэтых даных у 2025 годзе паказаў, што яна мае выразную форму дзесяцікутніка. Здымкі, зробленыя касмічным тэлескопам «Габл», дазволілі прасачыць з'яўленне гэтай структуры аж да 2023 года.
Па словах даследчыкаў, гэта атмасферная хваля, якая фармуецца на фоне магутных вятроў. Назіранні ў розных дыяпазонах паказалі, што структура распасціраецца на розныя вышыні, то бок, гэта не проста ўзор на паверхні аблокаў.
У той жа час дзесяцікутнік і паўночны шасцікутнік істотна адрозніваюцца. Шасцікутнік размешчаны бліжэй да полюса, а дзесяцікутнік — далей ад яго. Акрамя таго, новая структура, відаць, менш стабільная.
Навукоўцы пакуль не высветлілі, чаму на поўдні Сатурна сфармавалася менавіта дзесяць бакоў. Адзін з магчымых фактараў — антыцыклон, віхор высокага ціску, размешчаны крыху паўночней. Яго шырыня складае каля 4000 км.
Даследчыкі змадэлявалі некалькі сцэнароў узнікнення дзесяцікутніка, але ніводзін з іх дакладна не ўзнавіў назіраемую структуру. Таму роля суседняга віхуру пакуль застаецца толькі адной з гіпотэз.
Астраномы плануюць назіраць за дзесяцікутнікам у бліжэйшыя гады. Паўднёвае паўшар'е Сатурна цяпер пераходзіць ад вясны да лета, таму атрымлівае ўсё больш сонечнага выпраменьвання. Гэта можа паўплываць на стабільнасць атмасфернай структуры і дапамагчы навукоўцам зразумець механізм яе фарміравання.