The Atlantic: Украіна пачала аперацыю па блакаванні аэрапортаў Масквы з дапамогай тысяч дронаў
- 3.09.2026, 14:21
Пачаткам стала заява прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.
Украіна распачала аперацыю па блакаванні аэрапортаў Масквы з дапамогай тысяч беспілотнікаў. Пра гэта журналісту The Atlantic Сайману Шустэру паведаміла крыніца ў Кіеве. Паводле яго слоў, пачаткам аперацыі стала заява ўкраінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага аб небяспецы паветранай прасторы над Расіяй.
Яшчэ ў жніўні суразмоўцы The Atlantic распавялі, што ў Кіеве распрацавалі план маштабнай атакі на маскоўскі авіяцыйны вузел. Аперацыю, якая атрымала ўмоўную назву M&Ms, рыхтаваў былы міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў. Перадбачвалася штоноч запускаць да 1 тыс. дронаў са штучным інтэлектам (ШІ) і картай мясцовасці, каб перагрузіць сістэмы супрацьпаветранай абароны (СПА), зрабіць немагчымай працу аэрапортаў Масквы і дабіцца адмовы замежных авіякампаній ад палётаў у Расію. Такім чынам у Кіеве разлічвалі прымусіць Уладзіміра Пуціна вярнуцца да перамоваў аб завяршэнні вайны.
Крыніцы The Atlantic казалі, што план прадставілі Зяленскаму напачатку 2026 года. Тады ён выказаў занепакоенасць з-за рызыкі паражэння грамадзянскіх самалётаў, ахвяр сярод пасажыраў і супрацоўнікаў аэрапортаў. Аднак украінскі прэзідэнт дазволіў працягнуць падрыхтоўку аперацыі, каб атрымаць рычаг ціску на расійскія ўлады і эліты, якім стала б складаней выязджаць за мяжу. Арганізатары плана таксама прапанавалі Зяленскаму папярэджваць грамадзянскія авіякампаніі аб неабходнасці пазбягаць маскоўскіх аэрапортаў.
1 верасня прэзідэнт Украіны публічна папярэдзіў замежных авіяперавозчыкаў і страхавальнікаў аб небяспецы расійскай паветранай прасторы. Пасля гэтага кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сыбіга паведаміў, што Кіеў накіраваў у Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі (ІКАО) апавяшчэнне аб небяспецы расійскага неба. Уладзімір Пуцін у адказ на гэта заявіў, што «пагрозы атак на грамадзянскія паветраныя суда» з'яўляюцца «праяўленнем дзяржаўнага тэрарызму» і «ўскладняюць магчымасці правядзення двухбаковых мірных перамоваў».
Тым часам пасля заявы Зяленскага аэрапорты Масквы пачалі абмяжоўваць працу. Толькі ўначы 2 верасня, паводле звестак Flightradar24, у аэрапорце Шарамецьева быў скасаваны 21 рэйс і затрыманыя 235 рэйсаў, а ў Внукаве — скасаваныя 22 і затрыманыя 94 рэйсы. Уначы на 3 верасня маскоўскі авіявузел ізноў апынуўся фактычна паралізаваны. Паводле звестак мэра Масквы Сяргея Сабяніна, з вечара 2-га да ранку 3 верасня на падлёце да сталіцы РФ былі збітыя 103 дроны.