BE RU EN

Ваш характар можа быць запісаны ў ДНК

  • 3.09.2026, 14:34

Дзіўнае адкрыццё навукоўцаў.

Характар чалавека сапраўды звязаны з яго генамі, аднак навакольнае асяроддзе і жыццёвы досвед працягваюць адыгрываць велізарную ролю. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, прааналізаваўшы генетычныя даныя і вынікі псіхалагічных тэстаў больш як мільёна чалавек, піша часопіс TIME (пераклад — сайт Charter97.org).

Даследчыкі вывучалі так званую «вялікую пяцёрку» рыс асобы: экстраверсію, адкрытасць да новага досведу, дабразычлівасць, нейратызм і добрасумленнасць. Усяго было выяўлена больш за тысячу генетычных варыянтаў, якія могуць уплываць на гэтыя характарыстыкі.

Пры гэтым гаворка не пра асобныя «гены характару». Кожны варыянт аказвае толькі нязначны эфект, а асоба фармуецца ў выніку складанага ўзаемадзеяння шматлікіх генетычных фактараў і навакольнага асяроддзя.

«Няма адзінага гена асобы», — адзначаюць аўтары даследавання. Паводле іх дадзеных, генетычныя асаблівасці дазваляюць прадказаць да 13% адрозненняў у рысах характару.

Навукоўцы таксама выявілі нечаканыя сувязі са стылем жыцця. Напрыклад, людзі з генетычнымі асаблівасцямі, звязанымі з большай адкрытасцю да новага, часцей аказваліся жыхарамі буйных касмапалітычных гарадоў. Схільныя да нейратызму часцей жылі ў заможных прыгарадах. Экстраверсія таксама была звязана з большай верагоднасцю заразіцца COVID-19 на пачатку пандэміі — верагодна, з-за больш актыўных сацыяльных паводзінаў.

Атрыманыя даныя могуць дапамагчы лепш зразумець біялагічныя механізмы фармавання асобы і сувязь характару з фізічным і псіхічным здароўем. Генетычны тэст пакуль не здольны расказаць пра характар чалавека так жа добра, як правераны псіхалагічны тэст.

Апошнія навіны