BE RU EN

Зяленскі «перасадзіў» гульцоў КХЛ з самалётаў на аўтобусы

  • 3.09.2026, 19:30

Кантынентальная хакейная ліга дамовілася з аўтобуснымі кампаніямі на выпадак адмены рэйсаў з-за атак БПЛА.

Кантынентальная хакейная ліга (КХЛ) напярэдадні новага сезона правяла сустрэчу з кіраўнікамі клубаў, на якой абмеркавалі праблему лагістыкі. Пра гэта ў інтэрв’ю «Коммерсанту» распавёў прэзідэнт КХЛ Аляксей Марозаў.

Таксама ліга арганізавала ў Екацярынбургу семінар для супрацоўнікаў службаў бяспекі каманд, на якім, у тым ліку, абмеркавалі нюансы ўзаемадзеяння з сілавымі структурамі. «У нас ёсць аператыўны штаб, які на сувязі з клубамі ў рэжыме 24/7. Калі нешта адбываецца на арэне, у дарозе, клубы адразу могуць праінфармаваць нас», — сказаў Аляксей Марозаў.

Паводле яго слоў, КХЛ не застрахаваная ад пераносаў і прыпыненняў матчаў. Спадар Марозаў заявіў, што ліга будзе «старацца рабіць усё, каб матчы не зрываліся, каб каляндар быў вытрыманы». «Алгарытм такі: дзяжурны прызначае адказнага за праблему ў залежнасці ад таго, у чым яна заключаецца. Мы сумесна з клубамі выпрацоўваем меры па яе вырашэнні», — падкрэсліў ён.

Таксама прэзідэнт КХЛ адзначыў, што ў выпадку адмены або затрымак рэйсаў з-за атак БПЛА хакейныя клубы могуць «аператыўна звязацца» з аўтобуснымі кампаніямі, з якімі ліга «адпрацавала пытанні супрацоўніцтва».

У мінулым сезоне матч рэгулярнага чэмпіянату паміж «Сочы» і маскоўскім ЦСКА быў спынены пасля першага перыяду, а затым адменены з-за паўторнага абвяшчэння рэжыму атакі БПЛА на тэрыторыі Сірыуса і Сочы. Пазней КХЛ прыняла рашэнне дагуляць сустрэчу ў Маскве. Па той жа прычыне была прыпыненая гульня з ніжагародскім «Тарпеда», аднак праз некалькі гадзін яе аднавілі.

Нагадаем, 1 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвясціў пра «закрыццё неба» над Расіяй.

Апошнія навіны