Удар па будынку СБУ: раскрыты новыя падрабязнасці запуску і тып расійскага дрона
- 5.09.2026, 13:47
Беспілотнік быў запушчаны з Данецкай вобласці.
Саветнік прэзідэнта Украіны па тэхналагічных пытаннях Сяргей «Флэш» Бескрэстнаў абверг версію пра выкарыстанне невялікага БПЛА з блізкай адлегласці. Беспілотнік быў запушчаны з Данецкай вобласці.
Пра гэта «Флэш» паведаміў у сваім тэлеграм-канале.
Паводле слоў саветніка прэзідэнта Украіны, дрон запусцілі з Данецкага напрамку, і ён ляцеў на вышыні больш за 7 кіламетраў. Усяго акупанты запусцілі два беспілотнікі, адзін з якіх удалося своечасова знешкодзіць.
Удалося ўстанавіць, што абломкі і большасць элементаў дрона належаць расійскаму БПЛА «Герань-4». Заявы варожых тэлеграм-каналаў пра тое, што гэтая атака нібыта была часткай унутранага канфлікту паміж спецслужбамі, аказаліся чарговым фэйкам.
Нагадаем, 4 верасня Расія здзейсніла атаку на Кіеў рэактыўнымі беспілотнікамі, адзін з якіх пашкодзіў цэнтральны будынак СБУ на вуліцы Уладзімірскай. Па словах Уладзіміра Зяленскага, дрон быў накіраваны непасрэдна ў кабінет кіраўніка Службы бяспекі Украіны. На месцы працавалі аператыўныя службы, пацярпелым аказвалі неабходную дапамогу. Пасля ўдару прэзідэнт даручыў падрыхтаваць адказ Расіі.
У СБУ заявілі, што пашкоджаны ў выніку расійскай атакі будынак абавязкова адновяць. У спецслужбе падкрэслілі, што спроба нанесці ўдар па яе кіраўніку не паўплывала на працу ведамства, а Расія атрымае адказ – СБУ абяцае новыя спецаперацыі, выкрыццё агентурных сетак і знішчэнне расійскіх вайскоўцаў.
Акрамя таго, у выніку расійскай атакі пашкоджанні атрымала і тэрыторыя запаведніка «Сафія Кіеўская». У будынку Кансісторыі XVIII стагоддзя выбіла вокны, на шчасце, астатнія аб’екты запаведніка засталіся некранутымі. Людзі на тэрыторыі не пацярпелі, бо своечасова ўкрыліся.
Украіна заклікала міжнародных партнёраў асудзіць расійскі ўдар і ўзмацніць ціск на Крэмль. Міністр замежных спраў Андрэй Сыбіга таксама звярнуўся да ЮНЕСКА з заклікам больш актыўна рэагаваць на атакі Расіі і ўзмацніць меры па абароне ўкраінскіх культурных помнікаў.