Мэр Мінска пайшоў супраць прапагандыстаў Лукашэнкі?
- 5.09.2026, 15:13
Нагодай стала інфармацыя пра тэрміны будаўніцтва метро.
Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў заявіў, што інфармацыя пра перанос тэрмінаў будаўніцтва новых станцый метро на два гады — гэта фэйк, і ўлады працуюць паводле плана. Пра гэта ён сказаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання, паведамляе «Зеркало».
Раней выданне «СБ. Беларусь сегодня» пісала пра тое, што тры новыя станцыі трэцяй лініі метро адкрыюць толькі да канца 2030 года.
Уладзімір Кухараў заклікаў «не рэагаваць на незразумелыя фэйкі, якія нядаўна былі, што Мінгарвыканкам пераносіць на два гады, павялічвае тэрміны будаўніцтва метро».
«Гэта няпраўда, мы працуем па графіку, па плане. У 2028 годзе мы плануем завяршыць будаўніцтва другой чаргі трэцяй лініі метро», — заявіў ён.
Таксама ён анансаваў пачатак будаўніцтва чацвёртай, кальцавой, лініі метро ў наступным годзе.
Заўважым, што 26 жніўня выданне адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня» паведаміла, што тры новыя станцыі Зялёналужскай лініі — «Пярэспа», «Камароўская» і «Парк Дружбы народаў» — плануюць здаць да канца 2030 года.
У жніўні 2023 года галоўны інжынер «Мінскметрабуда» Аркадзь Аруцюня расказваў, што будаўніцтва паўночнага ўчастка Зялёналужскай лініі разлічваюць завяршыць праз 66 месяцаў пасля пачатку работ — то бок прыкладна да канца 2028 года.
У красавіку 2026 года паведамлялася, што адкрыццё станцый, якія будуюцца, «Парк Дружбы народаў», «Камароўская» і «Пярэспа», чакаецца ўжо ў 2028—2029 гадах.