BE RU EN

ЗША зрабілі жорсткую заяву аб гібрыдных атаках на НАТА

  • 5.09.2026, 21:19

Альянс будзе рэагаваць.

Пасол Злучаных Штатаў пры НАТА Мэцью Вітакер заявіў, што краіны Альянсу не павінны мірыцца з наўмыснымі гібрыднымі атакамі. Асаблівую занепакоенасць у НАТА выклікае спроба атакі дронам на аэрапорт Лейпцыг/Гале. Вашынгтон гатовы падтрымліваць саюзнікаў пры рэагаванні на такія інцыдэнты. Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва Reuters.

Мэцью Вітакер назваў выпадак у Лейпцыгу больш трывожным, чым іншыя нядаўнія інцыдэнты на тэрыторыі краін НАТА. У папярэдніх выпадках ішла гаворка пра расійскія беспілотнікі, якія атакоўвалі Украіну і адхіляліся ад курсу.

«Акрамя таго, ёсць тое, што я б назваў больш трывожнымі гібрыднымі дзеяннямі, як мы бачылі ў Лейпцыгу, як мы бачылі ў Польшчы», — сказаў Вітакер, выступаючы ў кулуарах бізнэс-канферэнцыі ў Італіі.

Паводле яго слоў, краіны НАТА павінны быць гатовыя да такіх пагроз і захоўваць пільнасць. Яны таксама павінны падаваць выразны сігнал у адказ на падобныя выклікі.

«Калі мы зможам вызначыць, хто гэта робіць, — як гэта зрабіла Германія, — мы абавязкова рашуча заявім, што гэта недапушчальна, і мы гэтага цярпець не будзем», — сказаў Вітакер.

Пасол ЗША таксама папярэдзіў пра магчымыя атакі на крытычную інфраструктуру. Сярод патэнцыйных мэт ён асобна назваў энергетычныя аб’екты. Нацыянальныя органы ўлады, паводле яго слоў, павінны кантраляваць такія аб’екты і ўважліва сачыць за магчымымі пагрозамі.

Асноўная адказнасць за рэагаванне на падобныя інцыдэнты ляжыць на асобных дзяржавах НАТА. У той жа час ЗША гатовыя падтрымліваць саюзнікаў у супрацьдзеянні гібрыдным атакам, заявіў Вітакер.

Апошнія навіны